• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Спорт як ратаванне: што выбіраюць беларускія журналісты?

    Спорт для журналістаў — гэта не толькі спосаб падтрымаць сваю фізічную форму, але і сродак псіхалагічнай самадапамогі. БАЖ пацікавіўся ў калег-медыйшчыкаў, якім спортам і чаму яны займаюцца. І ўвогуле, як фізічная праца ўплывае на працу разумовую.

    Аксана Бровач у трэнажорнай зале. Фота: з асабістага архіва

    Памятаеце сатырычную мініяцюру «Кролики — это не только ценный мех, но и три-четыре килограмма диетического, легкоусвояемого мяса», якая прынесла славу ўкраінскаму дуэту Уладзіміру Данільцу і Уладзіміру Маісеенку? Нешта падобнае можна сказаць і пра ролю спорту ў жыцці беларускіх журналістаў. Гэта не толькі спосаб падтрымліваць сваё фізічнае здароўе, але і сродак не расклеіцца маральна, калі здаецца, што свет вакол цябе руйнуецца.

    «Цяпер я падымаю штангу вагой больш, чым сама важу»

    Журналістка Аксана Бровач з галавой акунулася ў вір спорту пасля эміграцыі.

    — Першы раз я прыйшла ў трэнажорную залу ў лістападзе 2020-га. І ў мяне была адзіная мэта — каб у мяне не паехаў дах.

    Усё, больш ніякай матывацыі ў мяне не было: толькі нармальна сябе адчуваць, захаваць сябе, не зваліцца ў дэпрэсію ці хваробы на фоне паслявыбарчых падзей. Цяпер мяркую, што гэта было адзінае правільнае і ўвогуле найлепшае рашэнне, якое я за ўсё жыццё прыняла сабе на карысць.

    Аксана Бровач спорт

    Аксана Бровач цягае штангі большай вагі, чым важыць сама. Фота: з асабістага архіва

    І гэта не я такая разумная, гэта ўжо вывучана ўздоўж і ўпоперак — як фізічная актыўнасць уплывае на псіхічны стан, што на фоне стрэсу целу патрэбная разрадка праз рух. Пра гэта напісаны стопіцот навуковых даследаванняў. Я для сябе вырашыла, што жыць у стане хранічнага стрэсу — гэта ненармальна. Гэта адбіваецца на маім знешнім выглядзе, на маім настроі, на здароўі, на адносінах, на пачуцці задавальнення ад жыцця. Гэта кошт быцця беларускіх журналістаў цяпер.

    Навука кажа, што напружанне трэба выганяць з цела, што гармоны стрэсу, якія дыктавалі мозгу сігнал «бі або бяжы», трэба выкарыстаць — вось я і б’ю, і бягу. І яно працуе! Усё, як кажа навука! Дакладна так! Я добра сябе адчуваю, сплю, мой арганізм у парадку, і я ведаю, што калі да мяне звернецца калега ў разбітым стане, маё плячо будзе яму моцнай апорай ва ўсіх сэнсах — і фізічна, і ментальна. А па-за гэтым я буду ўпэўненая, што мяне не перамаглі, колькі б там Азаронак не пляваўся атрутай у экран і не казаў, што мы прыгнечаныя і разбітыя.

    Аксана Бровач трэнажорная зала

    Аксана Бровач у трэнажорнай зале. Фота: з асабістага архіва

    Бегаць у мяне не вельмі добра атрымліваецца, таму я катаюся на ровары, сама з сабой гуляю ў спаборніцтвы на грабным трэнажоры, прыкладаю сілу да ракеткі ў тэнісе, мацюкаюся на цяжкія гантэлі ў зале.

    Што мне гэта дае? Велізарнае задавальненне! Я некалькі гадзін на тыдзень абсалютна адключаюся ад навін — пра іх нават не паспяваеш падумаць. Бо адзінае, што займае думкі, калі робіш балгарскія выпады ў зале — каб не памерці заўчасна і ці сапраўды гэта справядлівая цана за тое, каб джынсы ззаду добра сядзелі.

    Ровар — гэта свежае паветра і турбахуткасць у параўнанні з губляннем часу ў дарожных заторах. Тэніс — пакуль незразумела, але вучыцца чамусьці новаму проста цікава. Хадзіць у горы — гэта ж прыгоды! Калі няма ні часу, ні настрою, ні магчымасці заняцца спортам, я магу нават пайсці ў мячык пагуляцца на пляцоўцы ў маім мікрараёне. Як у дзяцінстве — ну і што?

    Трэнажорка для мяне — гэта штосьці натуральнае, абавязковае, я нават не надаю гэтаму шмат значэння. Я займалася і сама — і дома, і ў зале, і хадзіла на красфіт, цяпер займаюся з трэнерам. Цяпер гэта прыярытэтная для меня сфера, куды я згодная ўкладацца грашыма і часам.

    Аксана Бровач трэнажорка

    Аксана Бровач цягае штангі большай вагі, чым важыць сама. Фота: з асабістага архіва

    Акрамя здароўя і, натуральна, прыросту цягліц, унёску ў даўгалецце, трэніроўкі ў зале ўмацоўваюць псіхічнае здароўе. Журналісты шмат думаюць пра іншых, жывуць жыццямі іншых — і так часта не задумваюцца нават, а што з імі самімі.

    Трэніроўкі ў зале вяртаюць кантакт з сабой, з целам. Адвучаюць ад бездапаможнасці, яўна паказваюць, што калі рабіць хоць маленечкі высілак, але рэгулярна, гэта гарантавана дасць плён. Я патлумачу.

    Калісьці ў мяне трасліся рукі, калі я брала гантэлі па 3 кг, а цяпер закідваю на плечы штангу вагой большай за сваю! Уявіце, якое гэта задавальненне — адное толькі адчуванне «Я магу!». Я не магу вызваліць палітвязняў, не магу цяпер паехаць у Беларусь і напісаць праўдзівы рэпартаж пра тое, што адбываецца. Шмат чаго не магу, на жаль. Але ў зале я бачу, што я магу крок за крокам рабіць тое, што трэба — і гэта дае плён! Для мяне трэнажорка — прышчэпка ад нявер’я і няўпэўненасці ў тым, што тое, што ты робіш, мае сэнс.

    Аксана Бровач тэніс

    Аксана Бровач спрабуе авалодаць майстэрствам вялікага тэніса. Фота: з асабістага архіва

    Маё жыццёвае правіла цяпер такое: няма настрою трэніравацца — трэніруйся без настрою. Гэта нармальна, усім бывае лянотна, ва ўсіх нешта не атрымліваецца. Але пасля хоць якога руху настрой абавязкова палепшыцца. Трэніроўка — найлепшы антыдэпрэсант. І яшчэ рэкамендую ў момант адчаю зрабіць 25 бёрпі (комплекснае практыкаванне, якое ўключае ў сябе прысяданні, адцісканні і скокі — БАЖ).

    Гэта бескаштоўна, экіпіроўка не патрэбна. Спачатку будзе падавацца, што гэта лухта і нічога не дасць, потым захочацца кінуць на паўдарозе, але ж гэта выклік. А беларускія журналісты так проста не здаюцца! Потым вернецца адчуванне, што жыццё скончанае і ўсё не мае сэнсу — а потым ахіне такое шчасце!

    Па-першае, я гэта зрабіла, а думала, што не зраблю. Па-другое, нічога не сталася, выжыла. Значыцца, з гэтых жыццёвых выпрабаванняў можна не проста выйсці, а яшчэ і явіць сябе свету мацнейшай. Для мяне гэта метафара для апісання стану беларускіх журналістаў цяпер. Сітуацыя win-win — буду я далей журналісткай, не буду, я перажыву гэты крызіс і захаваю сябе. І насычу сваё жыццё чымсьці, акрамя дрэнных навін.

    «Бег — вельмі проста, становішся ў красоўкі і бяжыш»

    Галоўны рэдактар выдання Hrodna.life Аляксей Шота расказаў пра свой нядоўгі, але ўжо багаты досвед бегу.

    Аляксей Шота спорт

    Аляксей Шота прабег свой першы паўмарафон на возеры Гарда. Фота: з асабістага архіва

    — 2023 год, пачатак лета. Наклалася шмат усяго: сябры і сяброўкі, якія мяне матывавалі. Стаў на вагі і высветліў, што назапасілася трохі лішніх кілаграмаў, а самы просты спосаб скінуць лішняе — заняцца бегам. Акрамя таго, якраз паглядзеў спартыўную драму «Air: вялікі скачок». Мяне працяла думка, што бег дазваляе праветрываць мазгі і прымаць лепшыя рашэнні як кіраўніку. Бо ў медыяменеджара ёсць вялікая адказнасць за людзей, якія былі вымушаныя з’ехаць праз працу ў выданні.

    Да ўсяго я выпадкова заглянуў у танную краму, а там стаяць красоўкі Nike — самыя простыя, бегавыя і па добрай цане. І падумаў сам сабе: усё склалася, прама божы знак…

    Спачатку паспрабаваў прабегчы 15 хвілін лёгкім тэмпам, потым — паўгадзінкі… За лета трохі набраўся досведу, а там ужо і прыняў удзел у першым афіцыйным забегу. Я люблю бліскучыя рэчы, ганарлівасць у мяне таксама на ўзроўні, вырашыў: буду збіраць усялякія медалькі. З таго часу і запісваюся на розныя прабегі: 5 кіламетраў, 10 кіламетраў.

    Аляксей Шота бег

    Аляксей Шота прабег першыя 5 кіламетраў восенню 2023 года і атрымаў першы медаль у калекцыю. Зараз ужо хутка не будзе куды іх вешаць, трэба будзе адмысловы стэнд купляць. Фота: з асабістага архіва

    За першы сезон я асіліў 10 кіламетраў. Другі год, 2024‑ы, я рыхтаваўся да паўмарафона — каб дакладна ведаць, што я змагу асіліць 20 кіламетраў і пры гэтым не спыніцца, не памерці па дарозе.

    Галоўнае — сістэмнасць, як і ў любой справе. Цяжка да таго часу, пакуль не пабяжыш: я прабег 20 кіламетраў, цяпер ведаю, што магу і паўтарыць.

    Я развіваю ў сабе спартыўны турызм. Канешне, можна вакол дома 150 разоў аббегчы — вось табе і паўмарафон. Але я аддаю перавагу «жывому» бегу. Летась прабег першы паўмарафон на возеры Гарда ў Італіі (вельмі прыгожае месца), потым — на Мальце, а трэці паўмарафон — у Беластоку. Плюс сёлета планую прабегчы паўмарафон (на яго вельмі цяжка патрапіць, але мне пашанцавала) па Эрэсунскім мосце — гэты мост злучае Капенгаген і Мальмё. І, напэўна, напрыканцы года паспрабую патрапіць ці ў Сан-Рэма ці на возера Кома — таксама турыстычны паўмарафон.

    Аляксей Шота паўмарафон

    У Валеце момантамі здараліся вельмі моцныя наборы вышыні, падавалася, што сэрца спыніцца. Даводзілася запавольвацца. Фота: з асабістага архіва

    На наступны год паставіў сабе за мэту — прабегчы 5 з 10 асноўных польскіх паўмарафонаў. За гэта можна атрымаць карону польскіх паўмарафонаў — чарговая бліскучая цацка, адмысловая медалька.

    Насамрэч бег вельмі разгружае псіхалагічна. І гэты час можна выкарыстаць сэнсоўна: ці падкаст паслухаць, ці аўдыякнігу, проста ў цішыні ці пад музыку абдумаць нейкія рэчы або проста абстрагавацца ад руціннай працы.   

    І ва ўсім гэтым важнае месца займае здароўе — з кожным годам мы не маладзеем, а мне важна перажыць Лукашэнку. Я не магу сабе дазволіць медыцыну ягонага ўзроўню, то вырашыў сам пра сябе дбаць. Паглядзіце, афрыканскія дыктатары жывуць па 90 гадоў і няблага пачуваюцца.

    Мне падаецца, што і мая прафесійная дзейнасць паляпшаецца. Я езджу на розныя забегу, бачу многа новага — а гэта для журналіста вельмі важна. Плюс у Беластоку існуе вельмі добры бегавы клуб TEA.M RUN, створаны, да слова, беларусамі, часам я выступаю ў забегах як ягоны чалец. Дарэчы, у чэрвені пройдзе камандная эстафета «чатыры па пяць». Хоць я кіраўнік рэдакцыі, але збольшага я не камандны гулец, любыя камандныя дзеянні – гэта пераступаць праз сябе, ламаць мой камфорт. А вынік гэтай эстафеты залежыць ад усёй каманды – у любым выпадку такі вопыт варта мець.

    Бег — гэта пра тое, каб адчуваць сябе камфортна ў дыскамфортнай сітуацыі. Як зрэшты, і ўсё нашае жыццё: спроба атрымаць камфорт у татальным дыскаморце.  Я ніколі не займаўся аніякім спортам, бег — мой першы спартыўны досвед. І гэта вельмі проста, устаеш у красоўкі і бяжыш.

    «Фізічная нагрузка дапамагае не толькі целу, але і галаве»

    Галоўная рэдактарка праекта This Min­sk Media Маргарыта Прохарчык актыўна ўцягнулася ў спорт пасля 2020-га.

    Маргарыта Прохарчык спорт

    Маргарыта Прохарчык займаецца спортам 4–5 разоў на тыдзень. Фота: з асабістага архіва

    — Актыўна займаюся спортам я ўжо даўно, але асабліва выразна гэта стала часткай майго жыцця пасля 2020 года. Працяглы стрэс, нестабільны эмацыйны стан — усё гэта адбівалася і на фізічным здароўі, асабліва на спіне. Мне давялося прайсці курс рэабілітацыі, пасля якога я ўвяла рэгулярныя трэніроўкі ў сваю штодзённасць.

    Цяпер хаджу ў залу прыкладна тры разы на тыдзень, плюс з нядаўняга часу яшчэ займаюся акрабатыкай на пілоне (чацвёрты месяц). Разам атрымліваецца 4–5 заняткаў на тыдзень. Гэта неабходна не толькі для здароўя, але і для працы: калі не трымаецца мышачны карсет, спіна дае збоі — а гэта азначае, што ты «выпадаеш» з працэсу, з актыўнага жыцця.

    Маргарыта Прохарчык трэніроўка

    Маргарыта Прохарчык у трэнажорнай зале. Фота: з асабістага архіва

    Фізічная нагрузка дапамагае не толькі целу, але і галаве. Я слухаю падкасты і аўдыякнігі падчас кардыя — гэта мой спосаб «уціснуць» развіццё і перазагрузку ў напружаны графік. Пасля трэніроўкі мозг працуе лепш, лягчэй апрацоўваць вялікую інфармацыйную плынь — а ў нашай працы гэта крытычна.

    Яшчэ адзін важны момант — псіхалагічны. Калі ты на трэніроўцы — асабліва на пілоне, дзе кожны элемент патрабуе максімум увагі — галава сапраўды адпачывае. Гэта як у басейне — ты проста выключаеш усе думкі.

    Маргарыта Прохарчык акрабатыка

    Акрабатыка на пілоне дапамагае не толькі падтрымліваць здароўе, але і заставацца ў працэсе. Фота: з асабістага архіва

    І пра час. У мяне ёсць простае правіла: калі не будзе здароўя — ніякая праца, праекты і мэты не будуць мець значэння. Таму час на сябе — гэта не раскоша, гэта база. Гадзіна ў дзень — гэта няшмат. Але вынік таго вартыя.

    «Мне прасцей займацца дома амаль кожны дзень па 30—40 хвілін»

    Журналістка Deutsche Welle Аляксандра Багуслаўская аддае перавагу лёгкаму фітнесу:

    — Я даўно займаюся спортам. Яшчэ ў Беларусі я хадзіла ў трэнажорную залу, займалася з трэнерам — досыць актыўна і доўга. З трэнерам я вучылася гуляць і ў сквош, хаця да канца так і не навучылася: здарылася эміграцыя, у якой спачатку аказалася цяжка ўбудаваць спорт у сваё жыццё.

    Цяпер, праз пэўны час (я жыву ў Германіі), я займаюся лёгкім фітнесам. Але я не хаджу ў трэнажорную залу. Падчас інтэграцыі ў нямецкае грамадства я вырашыла рабіць усё паступова. Першы год трэба было вырашаць шмат розных пытанняў і таму было не да спартыўнай залы. Да ўсяго мяне напужалі, што ў Германіі, калі ты ўзяў гадавы абанемент у спартыўнай зале, то пасля вельмі цяжка «саскочыць».

    Багуслаўская спорт

    Аляксандра Багуслаўская. Скрыншот з відэа BeRe­al

    Таму пакуль я займаюся пераважна дома. Гэта лёгкі фітнес, штосьці кшталту пілатэсу. Я ўключаю відэа на ютубе і займаюся разам з трэнеркай Хлояй Цінг. У яе ёсць мабільнае прыкладанне, якое дазваляе агульную нагрузку развесці па днях. Я купіла сабе дыванок і МФР-рол — такая прылада з рознымі выпукласцямі, якая масажуе цягліцы, і таксама фітнес-гумку. На сёння для мяне прасцей займацца дома амаль кожны дзень па 30–40 хвілін, чым два-тры разы на тыдзень хадзіць у трэнажорную залу на доўгія трэніроўкі. Звычайна я прыходжу з працы і адразу трэніруюся.

    На штодзённы спорт мяне вельмі натхніла нядаўна прачытаная кніга пра здароўе «Воля да жыцця» беларускага доктара Андрэя Белавешкіна. Ён падкрэслівае, што сядзячая праца горш за курэнне. Таму акрамя трэніровак я стараюся яшчэ больш хадзіць пехам.

    Мой працоўны офіс знаходзіцца непадалёк ад майго дома, таму на працу я хажу пехам. А побач з домам — лес, дзе мы з мужам перыядычна прагульваемся.

    Я не думаю, што мае актыўнасці наўпрост уплываюць на працу. Але, канешне, яны ўплываюць на агульнае самаадчуванне. Выкід гармонаў падчас трэніровак паляпшае агульнае самаадчуванне, паляпшае настрой, і дае жаданне жыць. Адпаведна, калі табе хочацца жыць, тады ты і працуеш больш эфектыўна.

    «Мне спатрэбілася каля сямі месяцаў, каб зразумець, што праца – гэта не ўсё маё жыццё»

    Журналістка Марыя Дуброўская хацела знайсці такі фізічны занятак, каб і карысць атрымаць, і задавальненне. Падобна, ёй гэта ўдалося.

    Марыя Дуброўская спорт

    Марыя Дуброўская любіць пагушкацца на арэлях…

    — Прайшло два гады пасля майго пераезду. Пішу пра вайну, палітыку, эканоміку — гэта зусім не мае тэмы. Акрамя працы я нічога не мела, таму аказалася ў сітуацыі, калі не засталося сіл ні пісаць тэксты, ні чытаць навіны. Ведаеце, прачынаешся — і нічога не хочаш рабіць, нават уставаць з ложка.

    Адзінае, што я прымусіла сябе зрабіць, — пайсці да гештальт-тэрапеўта (8 ці то 10 сеансаў), але мне не дапамагло і расчаравала. Тады я вырашыла змяніць кірунак псіхатэрапіі — на кагнітыўна-паводніцкую тэрапію. Я спадзявалася атрымаць інструменты, каб выцягнуць сябе фізічна з такога стану, зарабляць грошы. Я атрымала некаторыя карысныя парады, на якія разлічвала.

    Але адначасова побач з маім домам, літаральна за 10 хвілін ад кватэры, адкрыўся спартыўны клуб. Я ўсё адно сяджу дома, ні з кім інтэрв’ю не раблю, таму вырашыла дадаць у сваё жыццё крыху спорту. Хаця я ненавіджу спорт, амаль усе ягоныя праявы. Я люблю плаваць, шпацыраваць з сябрамі, катацца на ровары, але гэта ўспрымаю не як спорт, а як задавальненне, на якое мне заўсёды не хапала часу з маёй працай.

    Спартыўны клуб прапанаваў даволі танны абанемент, але я мусіла падпісаць дамову на год — і штомесяц плаціць фіксаваную суму, праўда, невялікую. Але пры ўмове, што я цэлы год не магу саскочыць. Я пагадзілася на гэтую кабалу (смяецца) са спадзевам, што хоць падару свайму арганізму нейкія эндарфіны. Таму з усіх відаў спорту я стала выбіраць тое, што больш-менш падабалася мне. Я выбірала рух — нешта нескладанае, звязанае з эмоцыямі. Спынілася на танцах — не складаных, якія не патрабуюць наяўнасці партнёра. І выбрала тры віды заняткаў.

    Аэрастрэчынг — пры дапамозе інструктара ты робіш расцяжкі, але на адмысловых прыставаннях, якія прымацоўваюцца да столі. Ты становішся на расцяжку, робіш шпагаты, іншыя акрабатычныя фігуры. Я ніколі раней такога не спрабавала, амаль не чула і не бачыла — заняткі даюць пачуццё палёту. Ты і адпачываеш (можаш проста пагушкацца ў гамаку дагары нагамі і ў розных позах), а пры частых наведваннях — дасягаеш і фізічнага прагрэсу.

    Марыя Дуброўская

    …і выпісваць розныя акрабатычныя фігуры

    Стэпы — гэта від фізічнай нагрузкі, спалучаны з танцавальнымі элементамі. Ёсць платформа — стэп, на якую ты падчас заняткаў у розных варыянтах заходзіш і сыходзіш. Пачынаецца са звычайнай хадзьбы, якая пад акампанемент музыкі пераходзіць на крокі самбы, ча-ча-ча, бачаты. Гэтыя заняткі даюць вельмі шмат энергіі і пазітыўных эмоцый. І — што для мяне важна — яны не стамляюць настолькі, як фізічныя практыкаванні.

    Але з паўсядзённай руціны, з паўсядзённага шлаку, які даводзіцца чытаць, мяне вырывае зумба — танцы, але спартыўныя. Там прысутнічаюць рытмы сальсы, ча-ча-ча, але ты іх робіш з аглядкай на інструктара. А інструктар у працэсе танца можа паказваць, у які бок рухацца, колькі крокаў зрабіць правай ці левай нагой — трэба проста паўтараць за інструктарам.

    Зумба разлічаная на эмацыйнае далучэнне да настаўніка. Некаторыя з іх часам выдаюць вясёлыя гукі кшталту «хэй», «уу-уу», на якія ты павінен адгукацца. Інструктар чапляе цябе, захапляе, падбадзёрвае — у выніку ты атрымліваеш спрэс пазітыўныя эмоцыі цягам гадзіны. З якімі б негатыўнымі эмоцыямі ты ні прыйшоў, за гэты час яны знікаюць. Энергічныя мелодыі і людзі вакол ствараюць вельмі пазітыўную энергію.

    Мне спатрэбілася каля сямі месяцаў, каб зразумець, што праца — гэта не ўсё ў маім жыцці. А лягчэй, напэўна, мне стала месяцы праз тры. Бо ў мяне з’явіўся рабочы графік, які дазваляе заканчваць працу да паходу ў спартклуб. Пасля трэніроўкі я магу вярнуцца і нешта дарабіць, але гэта не будзе сядзенне на некалькі гадзін, я ўжо не заседжваюся да поўначы ці да гадзіны ночы.

    Я працую ў камандзе. Але пакуль не пачала займацца спортам, мне не ўдавалася знайсці сілы, каб выказаць свае ідэі, паспрачацца, падумаць, як павярнуць дыскусію. Усё змянілася пасля таго, як я пачала хадзіць на заняткі: цягам гадзіны адкрываецца новае дыханне і прыходзяць новыя ідэі і рашэнні, пра якія раней я і не здагадвалася.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці