Справу пра паклёп на кіраўніка дзяржавы спынілі
Як паведаміў праваабарончы сайт spring96.org, следчыя органы спынілі крымінальны пераслед брэсцкага пенсіянера Міхаіла Лукашэвіча з прычыны адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства.
Так выглядаў плот і сцены гаража М. Лукашэвіча на момант завядзення справы. Фота «Еўрарадыё»
29 снежня 2014 г. Следчы камітэт распачаў справу паводле ч. 1 арт. 367 КК РБ у дачыненні да 63-гадовага жыхара Брэста Міхаіла Лукашэвіча. Нагодай для справы стаў “палітычны блог”, які мужчына больш за 10 гадоў вёў на ўласным плоце і сценах гаража па вул. Ясеніна ў Брэсце. Следчы камітэт прыйшоў да высновы, што ў дзеяннях Лукашэвіча ёсць склад злачынства – «выказванні крытычнага характару, выражаныя ў форме паклёпу ў дачыненні да ўладаў, сілавых структур і Прэзідэнта РБ». Які менавіта надпіс следчыя палічылі паклёпам на кіраўніка краіны, следчыя не паведамлялі.
Лукашэвіч ад удзелу ў следчых дзеяннях адмаўляўся, за што аднойчы быў затрыманы і правёў пэўны час пад вартай. У яго доме быў ператрус, у часе якога ў яго забралі фарбу і пэндзлікі. Большасць надпісаў на плоце М. Лукашэвіча зафарбавалі.
Самога Лукашэвіча змясцілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (“Навінкі”), дзе лекары прызналі яго псіхічны стан задавальняльным.
Папярэдні раз справу аб дыфамацыі ў Беларусі заводзілі ўлетку 2014 года ў дачыненні да 68-гадовай грамадскай актывісткі Кацярыны Садоўскай за “знявагу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” (па ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Справу закрылі ў ліпені таго ж года – спн. Садоўская прызнала сваю віну і трапіла пад амністыю яшчэ да суда.
На гэтую ж тэму:
Брэст: крымінальная справа за паклёп на кіраўніка дзяржавы
У Беларусі – чарговая крымінальная справа за дыфамацыю (КАМЕНТАР ЮРЫСТА)