Справу супраць рэдактара Hrodna.life за рэпост NEXTA перадаюць у суд
Аддзел унутраных справаў Ленінскага раёна Гродна рыхтуе да перадачы ў суд адміністрацыйную справу ў дачыненні галоўнага рэдактара гродзенскага інфармацыйнага партала Hrodna.life Аляксея Шоты.
Журналіста выклікалі ў Ленінскі РАУС для правядзення апытання. Там яму выдалі копію пратакола пра адміністрацыйнае парушэнне, прадугледжанае ч. 2 арт. 17.11 КаАП — распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі.
З дакумента вынікае , што пратакол яшчэ 1 лютага склаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Гродна, маёр міліцыі Аляксей Вайцешка.
Рэдактара вінавацяць у захванні з мэтай распаўсюду і распаўсюдзе матэрыялаў тэлеграм-канала NEXTA, які восенню быў прызнаны экстрэмісцкім.
Служба маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
