• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Справу журналіста Аляксандра Алесіна прыпынілі

    Камітэт дзяржаўнай бяспекі прыпыніў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Алесіна. Пра гэта журналіста на мінулым тыдні праінфармавалі прадстаўнікі спецслужбаў, – паведамляе “Еўрарадыё”.

    Аляксандр Алесін, фота БАЖ

    Падставай для прыпынення справы стала “немагчымасць правядзення следчых дзеянняў, без якіх не можа быць прынята рашэнне пра заканчэнне папярэдняга следства” (арт. 246 ч.1 п.5 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

    “Я цяпер нават выязны: па гэтым артыкуле я магу нават выязджаць з Беларусі за мяжу”, — паведаміў Алесін у гутарцы з карэспандэнтам “Еўрарадыё” Змітром Лукашуком.

    Сп. Алесін спадзяецца, што наступным этапам стане поўнае спыненне яго крымінальнай справы.

    Вайсковага эксперта, аглядальніка штотыднёвіка «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна затрымалі беларускія спецслужбы 25 лістапада 2014 года. Пра гэта стала вядома толькі на пачатку снежня, але ні прычын затрымання, ні месцазнаходжання журналіста КДБ не паведамляла. Пазней высветлілася, што яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары КДБ.

    Першапачаткова яму было выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і ўсталяванні супрацоўніцтва са спецыяльнай службай органаў бяспекі або выведвальным органам замежнай дзяржавы (артыкул 356–1).

    10 снежня 2014 года Алесіна вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве з яго знялі і пакінулі толькі абвінавачанне ў супрацы з замежнай спецслужбай. Следчых дзеянняў з журналістам даўно не вялося.

    9 снежня 2015 года прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі звярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць палітычна матываваныя крымінальныя справы да шэрагу грамадзян краіны. Першым у спісе згадвалася прозвішча Аляксандра Алесіна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці