• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Спыніла выхад газета “Наша слова”

    У сераду, 29 снежня, выйшаў апошні нумар газеты Таварыства беларускай мовы “Наша слова”. І віны чытачоў у гэтым няма. А віна ў тым, што нядаўна Вярхоўны суд ліквідаваў заснавальніка газеты – ТБМ. Па законе і выданне спыняе свой выхад.

    У апошнім 52‑м нумары рэдактар газеты з Ліды Станіслаў Суднік, які 24 гады рэдагаваў выданне, развітаўся з газетай і з чытачамі ў матэрыяле «Да пабачэння, сябры «Нашага слова». Ён, у прыватнасці, адзначыў:

    «Сёння, пасля 24 гадоў рэдагавання газеты «Наша слова», я хачу выказаць шчырую падзяку ўсім, хто быў з газетай усе гэтыя гады, усім, хто чытаў, усім, хто пісаў». Рэдактар таксама падзякаваў сябрам рэдкалегіі:»Дзякую ўсім карэспандэнтам, наборшчыкам, карэктарам, бухгалтарам, экспедытарам, валанцёрам-распаўсюджвальнікам. Дзякую кіраўніцтву ТБМ усіх складаў, сябрам Рады, Сакратарыяту, кіраўнікам і сябрам рэгіянальных структур за арганізацыю падпіскі. Дзякую беларускім прафсаюзам за шматгадовую падтрымку. Дзякую ўсім дабрадзеям, якія падтрымлівалі газету фінансава.

    Дзякую работнікам Лідскай друкарні, Белпошты і Белсаюздруку, дзе ў нас заўсёды былі сябры і амаль не было праблем. Дзякую Міністэрству інфармацыі, уладным і грамадскім структурам Лідскага раёна, дзе мы мелі надзейную апору. Дзякуй усім, жывым і мёртвым, каго не згадаў, пра каго забыўся за даўнасцю часу. Няхай Бог Усемагутны аддзячыць усім у Нябеснай Беларусі, калі для таго наступіць час».

    У другі раз прыпыняецца выхад папяровай версіі «Нашага слова». Першы раз гэта адбылося ў 1997 годзе. Тады слаўны горад Ліда ўстаў на падмогу. Спадзяёмся, што і цяпер гэта яшчэ не канец, што выданне будзе адноўлена, але для гэтага патрэбны і пэўныя рэсурсы, і пэўны час, і падтрымка ў самых розных інстанцыях. А час такі, што спыняцца нельга, гэта нават – не 1990‑я гады, гэта – 21‑е стагоддзе.

    Па словах Станіслава Судніка, з 5 студзеня 2022 года, пачне выходзіць электронная газета «Наша слова.pdf». Гэта не электронная версія «Нашага слова», гэта – новая газета. Па рэкамендацыі спецыялістаў, у электронным друку, газета мяняе фармат і будзе выходзіць у памеры А‑4. Аб’ём пастараемся захаваць той жа, таму плануецца 16 старонак.

    Станіслаў Суднік просіць усіх карэспандэнтаў, як пісалі, так і пісаць па тых жа адрасах, на тую ж тэматыку. «Мы не можам дапусціць, каб пытанні беларускай мовы, беларускай культуры, нацыянальнай свядомасці ўзялі і вось так проста адышлі на задні план ці зусім у небыццё. Няхай маленькі агменьчык, але павінен цепліцца. Мы актывізавалі тэлеграм-канал «Наша слова». Чытайце, падпісвайцеся, дасылайце на адрас «Нашага слова» кароткія, аператыўныя паведамленні для размяшчэння ў тэлеграм-канале», – сказаў Станіслаў Суднік.

    «Не падаем духам, беларусы. Не спыняемся ні на хвіліну. Гэта нашая зямля, гэта нашая краіна, гэта нашая мова. Мы і толькі мы ў адказе за іхнюю будучыню», – звярнуўся да беларусаў Станіслаў Суднік.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці