Стала вядома колькі ўсяго НДА было 23 ліпеня ліквідавана ўладамі
23 ліпеня 48 некамерцыйных грамадскіх арганізацый даведаліся, што былі без папярэджання ліквідаваныя ўладамі. Як аказалася зрабіць гэта даволі проста — выканкамы могуць самастойна ліквідаваць любую зарэгістраваную ім юрыдычную асобу. А вось з грамадскімі аб'яднаннямі складаней — Мінюст павінен звярнуцца ў суд, каб закрыць іх. Менавіта таму БАЖ і беларускі ПЭН-цэнтр да гэтага часу працуюць.
Хто трапіў пад рэпрэсіі? Сярод 48 НДА ёсць юрыдычныя і праваабарончыя праекты: Human Constanta, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, «Офіс па правах людзей з інваліднасцю». Ёсць журналісцкія праекты — «Прэс-клуб». Чацвёра іх супрацоўнікаў ужо больш за 200 сутак знаходзяцца ў СІЗА. Поўны спіс ліквідаваных грамадскіх арганізацый сабрала «Медиазона Беларусь»
Пад удар трапілі і экалагічныя ініцыятывы: «Экосреда», «Рэгіянальны цэнтр экспертызы «Экодемия» і Цэнтр экалагічных рашэнняў, заснаваны ў 2009 годзе. Рэпрэсіі не абмінулі і дабрачынныя платформы. Пад ліквідацыю патрапіў праект «Імёны», якія збіралі грошы для дапамогі людзям з ВІЧ, бяздомным, дзецям з анкалогіяй і не толькі. Дасталося і культурным ініцыятывам — «Арт-Сядзіба», «Мова Нанова», «Садзейнічанне культурнаму развіццю гарадоў», «Крэсы» і іншыя былі ліквідаваныя ўладамі.
Большасць грамадскіх арганізацый даведаліся пра сваю ліквідацыю цалкам выпадкова, праверыўшы свой статус у адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб.