Старшынёй Рады па медыяэтыцы абраная Надзея Белахвосцік
8 траўня прайшло арганізацыйнае паседжанне Рады па медыяэтыцы першага складу.

Надзея Белахвосцік. Фота: Надзеі Бужан
На паседжанні шляхам лёсавання таксама вызначаныя тэрміны, на якія сябры Рады па медыяэтыцы былі абраны. Як вядома, для забеспячэння ратацыі складу Рады частка сябраў абіраецца тэрмінам на 1 год, на 2 гады і на 3 гады.
Склад новай Рады па выніках галасавання абнародаваны 7 траўня. У яе ўвайшлі сем чалавек: Валер Карбалевіч, Зміцер Гурневіч, Ірына Новік, Лола Бурыева, Надзея Белахвосцік, Ганна Соўсь і Зоя Хруцкая.
Сябры Рады дзейнічаюць у асабістай якасці, а не як прадстаўнікі нейкіх медыя. Сябра Рады з моманту абрання павінен прытрымлівацца прынцыпаў, выкладзеных у Дэкларацыі сябры Рады па медыяэтыцы.
Рада па медыяэтыцы — выбарны орган самарэгулявання медыясектара, які працуе для рэагавання на парушэнні прафесійнай этыкі ў беларускім медыясектары і ўрэгулявання звязаных з гэтым канфліктных сітуацый.
Раду па этыцы абіраюць рэдакцыі і арганізацыі беларускага медыясектара, якія далучыліся да Пагаднення аб самарэгуляванні і Кодэкса этыкі беларускіх журналістаў. На дадзены момант гэта 23 арганізацыі.
