• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Старшыня камісіі па этыцы: Немагчыма прымусіць людзей быць маральнымі, як і быць свабоднымі

    У Глыбокім адбылася сустрэча журналісцкай супольнасці і грамадскіх актывістаў са старшынём камісіі па этыцы грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Анатолем Гуляевым.

    Размова вялася пра прынцыпы журналісцкай этыкі, іх выкананне і значэнне журналісцкай этыкі ў сусветнай гісторыі.

    Анатоль Гуляеў зазначыў, што нельга прымусіць людзей выконваць журналісцкую этыку, гэта на сумленні кожнага. І дадаў, што немагчыма прымусіць людзей быць маральнымі, як і быць свабоднымі. Але, калі журналіст белае будзе называць белым, а чорнае — чорным, то ўсё добра будзе і з пункту гледзішча журналісцкай этыкі.

    Падчас сустрэчы Гуляеў узгадаў пра першы закон аб свабодзе слова, які быў прыняты ў Швецыі ў 1766 годзе. Там была адменена цэнзура і асноўныя палажэнні закона ўвайшлі ў Канстытуцыю краіны. Швецыя і дагэтуль лічыцца самай спрыяьнай краінай для працы журналістаў. 

    Ён распавёў і пра гісторыю стварэння этычных кодэксаў у розных краінах. Таджыкістан, напрыклад, свой Этычны кодэкс рыхтаваў амаль 20 год. Па словах Анатоля Гуляева, у многіх краінах, і ў Беларусі таксама, існуюць этычныя рэдакцыйныя і асабістыя кодэксы журналістаў. Ён адзначыў добра складзены рэдакцыйны кодэкс слуцкай газеты “Інфа-кур’ер”. І патлумачыў, што самарэгуляванне 1 гэта не ёсць самаўпраўства, як некаторыя яго разумеюць. Самарэгуляванне — гэта самаабмежаванне.

    У маленькай Арменіі, па словах Анатоля Гуляева, 9 журналісцкіх супольнасцяў. У Беларусі існуюць дзве: БАЖ — 1 200 сябраў, БСЖ — больш за 2000. У БАЖы — камісія па этыцы, у БСЖ — камітэт па этыцы і прэміях. Усюды па 7 чалавек у складзе. У БСЖ у камісіі —  усе журналісты, у БАЖы ёсць адзін прадстаўнік іншай прафесіі для аб’ектыўнасці — праваабаронца Таццяна Равяка.

    Самае страшнае заключэнне камісіі — гэта выключэнне з журналісцкага грамадскага аб’яднання, але гэтага не робіцца. Толькі публікуюцца вынікі разглядаў. У Швецыі, да прыкладу, за парушэнне журналісцкай этыкі існуюць штрафы ад 400 да 2 500 еўра. У БАЖы няма заканадаўчай базы для гэтага, ды і нашыя журналісты — небагаты народ, каб даваць ім штрафы.

    Па словах старшыні камісіі па этыцы ГА “БАЖ” Анатоля Гуляева, асноўныя пытанні, якія разглядае камісія, у першую чаргу датычацца некарэктнага выкарыстання чужой інфармацыі. Досыць складаная праблема для Беларусі. Напрыклад, літоўскія калегі запэўніваюць, што яны гэта ўжо перажылі. Другая праблема — праца з крыніцамі інфармацыі, і трэцяя — праблема мовы СМІ. Артыкул 9, п. 2 Закона аб друку забараняе выкарыстанне нецэнзурнай лексікі ў СМІ. Але з гэтай нагоды не было ніводнай справы, бо нідзе не прапісана, што такое нецэнзурная лексіка.

    Увогуле пра мат Анатоль Гуляеў сказаў, што гэта абраза ў першую чаргу самога сябе і свайго суразмоўцы.

    Глыбоцкім журналістам для ўдасканалення сваёй мовы ў СМІ ён параіў пачытаць кнігі вядомых аўтараў пра “стандарты”і “экспрэсію” мовы, у тым ліку і В. Г Кастамарава.

    Анатоль Гуляеў звярнуў увагу і на працу з крыніцамі інфармацыі пры падрыхтоўцы матэрыялаў. Ён распавёў, што ў адным сваім расследаванні адно рускае інфармацыйнае агенцтва выкарыстала да 300 крыніц інфармацыі. Спецслужбы, напрыклад, выкарыстоўваюць — мінімум пяць, адна з якіх павінна быць неадушаўлённай. Журналіст таксама павінен карыстацца гэтым прынцыпам і выкарыстоўваць як мінімум пяць крыніц інфармацыі, асабліва пры канфліктных сітуацыях.

    Вядомы журналіст змог і здзівіць наведвальнікаў сустрэчы тым, што распавёў пра тры выпадкі ў сусветнай гісторыі, калі журналісцкая этыка дапамагла спыніць войны:

    1.Англа-бурскую вайну (1899–1902 гг.), калі англічане ваявалі з фермерамі-галандцамі.
    2. Вайну ў В’етнаме (1963–1974 гг.)
    3. Першую чачэнскую вайну (1994–1996 гг.). Хасавютарскае пагадненне было падпісана, на думку журналіста, дзякуючы і тэлерэпартажам расейскай журналісткі Алены Масюк.

    Як зазначыў Анатоль Гуляеў, аказваецца, што ўсё проста — трэба толькі даць слова другому баку канфлікта.

    На гэтую тэму ён параіў пачытаць кнігу прафесара Кіеўскага універсітэта Георгія Пачапцова, які піша аб інфармацыйнай вайне, вайне і журналісцкай этыцы.

    У другой частцы сустрэчы Анатоль Гуляеў распавёў прысутным пра сваё знаёмства з Аляксандрам Лукашэнкам. Падзяліўся цікавымі гісторыямі сваёй журналісцкай працы і адказаў на пытанні глыбачан.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці