Пра што гаворыць «буркля»? Стартуе праект «Тутэйшыя словы»
Журналіст Васіль Ядчанка распачынае новы праект пад назвай «Тутэйшыя словы». Гэта працяг блога «Мова ад Васіля» і завершанага ўжо спецпраекта «Мова ў працы».

Кацярына Гардзеева і Васіль Ядчанка на здымках праекта «Мова ў працы»
Васіль Ядчанка разам з «невялікай, але вельмі адданай камандай: філалагіня, аператарка, відэамантажорка і некалькі валанцёраў» плануюць сабраць і задакументаваць не менш за 30 мясцовых слоў і выразаў з розных рэгіёнаў Беларусі. У выніку павінны з’явіцца не менш за 20 відэаролікаў у сацсетках (TikTok, Instagram, YouTube, Facebook, Threads, X, Telegram), якія, па прагнозах, павінны ахапіць не менш за 500 тысяч чалавек.
— Праект пра тое, як наша мова жыве ў традыцыях, у слоўцах, што гучаць у Бярозе, Смаргоні, Калінкавічах. І, канешне, на Буда-Кашалёўшчыне, адкуль мая матуля (пасёлак Баявы) і ў Хойніцкім раёне, адкуль мой тата (вёска Дронькі). Іх вёскі, нажаль, нежылыя. Людзей перасялілі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — распавёў Васіль Ядчанка.
Па яго меркаванні, «глёкі», «падшыванец», «буркля» — гэта не проста словы. У іх беларусы выяўляюць сваё стаўленне да жыцця.
— Я веру, што мова— гэта інструмент годнасці, згуртаванасці. І калі мы будзем гаварыць, жартаваць, любіць па-беларуску, значыць — мы будзем жыць. Праект — гэта спроба сабраць і захаваць тое, што цяпер знікае ці маўчыць, — падкрэсліў журналіст.
Мэтавай аўдыторыяй праекта з’яўляецца моладзь у Беларусі (18–35 гадоў) — актыўныя, разумныя, дапытлівыя, часта крыху згубленыя паміж «як модна» і «як да сэрца», і беларусы сярэдняга (35–55) веку, што з тугой глядзяць на тое, як сыходзіць з жыцця мова іх бацькоў.
«Тутэйшыя словы» разлічаныя таксама на дыяспару, бо ў эміграцыі зараз знаходзяцца сотні тысяч беларусаў.
