У медыяпрасторы з’явіўся новы гулец: ці пачуе свет голас беларусаў
У беларускай медыяпрасторы з’явіўся новы гулец — стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow. Гэты праект стварыў кансорцыўм «Медыярынак», зарэгістраваны ў Польшчы. Ён аб’ядноўвае тры выданні: «Еўрарадыё», Malanka Media і «Белорусы и рынок». Стваральнікі разглядаюць платформу як зародак нацыянальнага грамадскага тэлебачання, якое мусіць стаць альтэрнатывай афіцыйнай прапагандзе.
Стваральнікі праекта прэзентуюць Belarus Tomorrow як «незалежныя беларускія медыі ў вашым тэлевізары». Прадукцыю платформы можна глядзець праз спадарожнік, а ў хуткім часе – і праз мабільнае прыкладанне Smart TV.
Пра цяперашні стан маштабнага праекта БАЖ пагутарыў з кіраўніком Malanka Media і стрымінгавай платформы Belarus Tomorrow Паўлам Марынічам.
Сетку вяшчання мусіць вызначаць Наглядальная рада
– Стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow ужо працуе з 5 сакавіка, але пакуль свой кантэнт на пляцоўцы размяшчаюць «Еўрарадыё», Malanka Media і «Белорусы и рынок», – кажа Павел Марыніч. – Мы ўжо выходзім са сваёй сеткай вяшчання, але, каб дадаць новыя медыя, зараз мы ствараем палітыку аўтарскага права. Гэта дамовы, якія будуць заключацца паміж стрымінгавай платформай Belarus Tomorrow і незалежнымі медыямі на права выкарыстання іх медыйных прадуктаў. Праекты пагадненняў пакуль распрацоўваюцца, аднак мы ўжо дамовіліся з чатырма вядомымі стваральнікамі медыякантэнту (я не магу іх называць).
Апрача таго, ужо ствараецца Наглядальная рада, куды, па задуме, мусяць увайсці прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), медыяэксперты, магчыма, праваабаронцы: мы ўжо даслалі адпаведныя запыты. Галоўная наша мэта – прыцягнуць у Наглядальную раду прадстаўнікоў беларускай медыясферы, якія самі не вырабляюць кантэнт.
Мы лічым, што ў ідэале сетку вяшчання, каб пазбегнуць сварак і праблемаў паміж стваральнікамі кантэнту (каму які эфірны час дастанецца), мусіць вызначаць Назіральная рада, а не наш кансорцыўм.
Мабільнае прыкладанне будзе зробленае па ўзоры Netflix
– Дзе спажыўцы могуць знайсці прадукцыю Belarus Tomorrow ужо зараз?
– Цяпер нас можна знайсці толькі праз спадарожнік. Як толькі з’явіцца мабільнае прыкладанне Smart TV, нас можна будзе знайсці паўсюль, дзе ёсць інтэрнэт. Галоўная мэта вялікай экспансіі – каб голас беларусаў чулі ва ўсім свеце. Мы можам выказваць свае думкі, мары, казаць пра свой шлях развіцця. Беларусь – гэта не Лукашэнка і не Расія.
– Чым адрозніваецца стрымінгавая пляцоўка ад класічнага тэлебачання?
– Мы, як самастойныя медыі, вырабляем уласны кантэнт у звыклых для нас фарматах. Але ж свае фарматы маюць і «Наша Ніва», і «Зеркало», і Беларускі раследвальніцкі цэнтр. Мы выступаем у ролі агрэгатара: мабільнае прыкладанне будзе зробленае па ўзоры Netflix, дзе будуць бібліятэкі, дзе можна будзе паглядзець і дакументальныя стужкі, і канцэрты беларускіх выканаўцаў, і спектаклі купалаўцаў. То-бок на платформе будзе сабраная самая разнастайная прадукцыя незалежных СМІ. Мы даём новы інструмент, каб прадукцыю незалежных СМІ пабачыла як мага большая аўдыторыя, а не толькі карыстальнікі YouTube.
Стрымінгавая платформа – гэта яшчэ і лічбавая бяспека. Увесь інтэрнэт заблакаваць немагчыма, а мы ўжо маем досвед працы і з Google, і з Apple: Malanka Media распрацоўвала сваё праграмнае прыкладанне, якое досыць няблага сябе зарэкамендавала.
Belarus Tomorrow можна глядзець з Беларусі
– Трэба разумець, у перспектыве стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow мусціь стаць альтэрнатывай дзяржаўнай прапагандзе?
– Канешне. Тое, што мы зараз робім, – першы крок да нацыянальнага вяшчання. Стрымінгавая платформа можа стаць асновай для стварэння нацыянальнага грамадскага тэлебачання. Зараз Лукашэнка адкрывае новы тэлевізійны канал, чатыры FM-станцыі з шансонам. У адказ мы павінны аб’ядноўвацца і прыкладаць усе высілкі, каб змагацца з лукашэнкавай прапагандай.
– Ці атрымаюць доступ да стрымінгавай платформы грамадзяне Беларусі, якія засталіся ў краіне?
– Канешне, гэта праект пра беларусаў і для беларусаў. Прама цяпер можна настройваць спадарожнікавыя талеркі на нашыя частоты і глядзець нас на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Беларусы ўжо глядзяць нас: па фідбэку мы сустракаем вельмі прязныя каментары на наш адрас. А праз спадарожнік Astra нас могуць глядзець Украіна, Малдова, Казахстан і Расія да Урала.