Створаны сайт памяці заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая
19 лістапада запушчаны сайт памяці заснавальніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, паэта Алеся Ліпая. Адрас сайта: https://naviny.by/ales.
Скрыншот з сайта naviny.by/ales
Дата запуску выбрана не выпадкова. 19 лістапада — дзень нараджэння БелаПАН. У гэтым годзе кампаніі споўнілася 28 гадоў.
Сайт беларускамоўны — Алесь Ліпай гаварыў, пісаў вершы па-беларуску і ў цэлым вельмі шмат зрабіў для таго, каб беларуская мова жыла і развівалася.
«Захоўваць памяць пра Алеся Ліпая — наш, белапанаўцаў, святы абавязак, — гаворыць дырэктар кампаніі Дзмітрый Наважылаў. — Мы — адна сям’я. Алесь — заснавальнік і нязменны кіраўнік БелаПАН — быў і застаецца вельмі блізкім, родным чалавекам для кожнага з нас. І мы заўсёды будзем захоўваць памяць пра яго».
Сайт складаецца з некалькіх раздзелаў: біяграфія Алеся Липая, яго журналісцкія працы, фатаграфіі і відэа з яго ўдзелам. На асобнай старонцы сабрана паэтычная спадчына Алеся. У раздзеле «Памяць» — інфармацыя пра тое, дзе ён пахаваны, спачуванні з нагоды яго заўчаснага сыходу. Кожны жадаючы можа ушанаваць памяць Алеся Липая, пакінуўшы запіс у гэтым раздзеле.
Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе з 1991 года. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Першую кнігу паэзіі «Пад снегам» выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта», у 2017‑м — «Абдымкі».
Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна (Мінская вобласць). У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, пераследваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты «Лірнік». У канцы 1980‑х гадоў — удзельнік супольнасці маладых літаратараў «Тутэйшыя». У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам «Радыё Свабода» ў Беларусі.
У 1991 годзе, падчас працы ў газеце «Знамя юности», вёў беларускамоўную старонку «Родны склон». Аўтар перакладу на беларускую мову дамовы аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. У пачатку 1990‑х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш за тысячу кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Германіі, і распаўсюдзіў іх па школам і бібліятэкам. У чэрвені 1996 года падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Мінску, браў інтэрв’ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым яго ўвагу на сябе.
Заўчасна памёр 23 жніўня 2018 гадоў ў адной са сталічных клінік.