Суд дазволіў блогерам Пятрухіну і Кабанаву падрыхтавацца да разгляду спраў
Інфармацыя пра тое, што Пятрухін і Кабанаў былі затрыманыя яшчэ 23 лютага і змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання ў Брэсце, пацвердзілася толькі раніцай 26 лютага.
Менавіта на 26 лютага ў судзе Ленінскага раёна Брэста было прызначана слуханне справаў у дачыненні да абодвух блогераў.
Як стала вядома службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, і Сяргея Пятрухіна, і Аляксандра Кабанава абвінавачваюць паводле артыкула 23.24 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне вызначанага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання).
Абодва блогеры бяруць актыўны удзел у кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста.
У адным са сваіх выпускаў на youtube-канале “Народны рэпарцёр” Аляксандр Кабанаў заявіў, што калі на працягу бліжэйшых дзён мясцовыя ўлады не спыняць будаўніцтва акумулятарнага завода, ён 25 лютага выйдзе на плошчу Леніна ў Брэсце на знак пратэсту супраць гэтага прадпрыемства. Гэты заклік падтрымаў і яго калега Сяргей Пятрухін.
У выніку Аляксандр Кабанаў 21 лютага быў выкліканы па месцы жыхарства ў пракуратуру Бярозаўскага раёна, а Сяргей Пятрухін — 22 лютага ў Брэсцкую гарадскую пракуратуру.
Блогеры атрымалі афіцыйныя папярэджанні пра недапушчальнасць парушэння палажэнняў Закона “Аб масавых мерапрыемствах”.
26 лютага затрыманых блогераў даставілі ў суд Ленінскага раёна Брэста. Справу Сяргея Пятрухіна разглядаў суддзя Дзмітрый Шурын, справу Аляксандра Кабанава — суддзя Аляксандр Семянчук. У абодвух выпадках судовыя працэсы перанесеныя на раніцу 28 лютага, бо Кабанаў і Пятрухін хадайнічалі аб удзеле адвакатаў і магчымасці падрабязна вывучыць складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.