«Голас Амерыкі» павінен аднавіць працу — так рашыў амерыканскі суд
Федэральны суддзя ў Вашынгтоне пастанавіў аднавіць на працы супрацоўнікаў радыёстанцыі, звольненых ці адпраўленых у адпачынак.

Фота ўзята з сайта check-point.kz
Суддзя пастанавіў таксама аднавіць фінансаванне радыёстанцый «Радыё Свабодная Азія» і Бліжнеўсходняй вяшчальнай сеткі, якія ўваходзяць у сістэму глабальнага вяшчання ЗША. Ён не разглядаў пытанне«Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода», бо гэтая рэдакцыя падала асобны іск.
Іск «Голаса Амерыкі» разгледжаны не па сутнасці, рашэнне прынята ў якасці забяспечвальнай меры (preliminary injunction). Адміністрацыя Трампа можа яго абскардзіць, паведамляе «Настоящее время».
Суддзя Ройс Ламберт, які прыняў рашэнне па іску «Голаса Амерыкі», агулам прыняў да разгляду шэсць іскаў да USAGM, якія падалі медыяарганізацыі і іх супрацоўнікі.
Чаму амерыканскія медыякарпарацыі змагаюцца за сваё выжыванне
14 сакавіка Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэнне сямі федэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глабальных медыя ЗША (USAGM), якое апякуецца «Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа (RFE/RL) » і іншымі мэдыярэсурсамі. Ужо на наступны дзень USAGM заявіла аб спыненні гранту для «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода (РСЕ/РС)».
25 сакавіка акруговы суд у Вашынгтоне задаволіў пазоў РСЕ/РС, загадаўшы USAGM перапыніць спробы закрыць медыякарпарацыю.
26 сакавіка USAGM уведаміла «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода», што скасоўвае сваю заяву аб спыненні гранту ад Кангрэсу, выдадзеную 15 сакавіка, але падкрэсліла, што захоўвае за сабой права спыніць выдзяленьне гэтага гранту ў будучыні. USAGM пакуль дакументальна не пацвердзіў аднаўленне грантавага фінансавання.
Як рашэнне Трампа ўдарыла па беларускім медыярынку
Натуральна, прыпыненне дзейнасці амерыканскіх медыякарпарацый ударыла, у тым ліку, і па беларускім медыярынку.
З 1 красавіка Беларуская служба «Радыё Свабода» адправіла частку сваіх супрацоўнікаў у вымушаны адпачынак.
Публікацыяў на свабодаўскіх хвалях істотна паменела. Некаторыя знакавыя праекты — «ПіК Свабоды» на YouTube-канале «Свабода Premium» ці «Тлумачым з Гурневічам» на YouTube-канале Радыё Свабода, відэападкасты «Гісторыя на Свабодзе» і «Куды коціцца сьвет» — пастаўленыя на вымушаную паўзу.
У сярэдзіне красавіка спыніў вяшчанне тэлеканал «Настоящее Время. Беларусь», створаны ў свой час RFE/RL пры ўдзеле «Голоса Амерыкі», усе супрацоўнікі беларускай рэдакцыі праекта адпраўлены ў адміністрацыйны адпачынак.
Current Time Belarus — частка тэлеканала «Настоящее Время», які ў 2023 годзе адмыслова ствараўся для рускамоўнай аўдыторыі з Беларусі. Як тады расказваў у інтэрв’ю БАЖ дырэктар тэлеканала Павел Буторын, перад праектам ставілася задача паведамляць беларусам цікавую і карысную інфармацыю без цэнзуры і абмежаванняў, а таксама распавядаць пра актуальныя праблемы, перш за ўсё ўнутры краіны, але таксама і за яе межамі.
Ютуб-канал тэлеканала прыносіць 8,5 мільёна праглядаў у год, TikTok — больш за 10 мільёнаў. 75 працэнтаў гледачоў глядзяць яго з Беларусі.
