Суд над фрылансерам Жукоўскім у Лоеве: Пратаколы адправілі на дапрацоўку
У Лоеўскім раённым судзе пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Мясцовая міліцыя вінаваціць яго ў дробным хуліганстве паводле артыкула 17.1 КаАП.
“Тры пратаколы — нібыта за абразу чыноўніц Лоеўскага райвыканкама Наталлі Кавуравай і Ірыны Пастуховай, а таксама за непадпарадкаванне і абразу першага намесніка начальніка міліцыі Генадзя Маджары — суд направіў на дапрацоўку, — паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўкі. — Я прасіў, каб суд наогул перанеслі, пакуль супрацоўнікі Следчага камітэта праводзяць праверку па маёй заяве адносна гвалту супрацоўнікаў лоеўскай міліцыі. Бо я і цялесныя пашкоджанні ў судмэдэкспэртызе здымаў на патрабаванне райаддзела Следчага камітэту. Аднак суддзя Антаніна Музычэнка адхіліла маё хадайніцтва”.
Не задаволіла суддзя Музычэнка і хадайніцтва Жукоўскага пра тое, каб юрыст Леанід Судаленка як сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» па даверанасці прадстаўляў яго інтарэсы ў судзе, паколькі Жукоўскі таксама з’яўляецца сябрам ГА “БАЖ” . Судаленка прысутнічаў на судовым пасяджэнні як шэраговы назіральнік.
“Мяне ўразіла, што суддзя тры з чатырох пратаколаў, складзеных у дачыненні да Жукоўскага, вярнула на дапрацоўку. Відавочна, міліцыя паспяшалася абвінаваціць фрылансера адразу па чатырох адміністрацыйных артыкулах, — дзеліцца сваімі назіраннямі Судаленка. — Што датычна чацвёртага пратакола — абвінавачвання ў дробным хуліганстве, — то з відэазапісу бачна, што Жукоўскі не махаў рукамі. Так, ён гучна заяўляў свае прэтэнзіі, калі яго скруцілі ў трое міліцыянтаў, прыціснулі да падлогі і надзявалі кайданкі. Калі чалавек адчувае фізічны боль, ён, канечне, будзе крычаць. Хуліганам журналіста-фрылансера хоча зрабіць лоеўская міліцыя”.
Сітуцыя беспрэцэдэнтная. Крыху больш за месяц таму лоеўская міліцыя затрымала Кастуся Жукоўскага разам з фрылансерам Аляксеем Атрошчанкам падчас відэаздымкаў мясцовага камбінату будаўнічых матэрыялаў.
Разбірацца з фрылансерамі, якія рабілі відэаздымкі камбінату, спачатку прыехалі намесніца старшыні па ідэалёгіі Лоеўскага райвыканкама Наталля Кавурава і кіраўніца спраў райвыканкаму Ірына Пастухова. Неўзабаве туды пад’ехалі (відаць, па выкліку чыноўніц) двое супрацоўнікаў ДАІ, паколькі Жукоўскі з Атрошчанкам прыехалі ў Лоеў на прыватным аўтамабілі. А яшчэ праз колькі часу да камбінату прыехаў на службовай аўтамашыне з двума афіцэрамі начальнік РАУС Уладзімер Бухаўцоў, запатрабаваўшы “спыніць незаконныя відэаздымкі”.
Фрылансераў даставілі ў міліцыю, дзе адзін з трох удзельнікаў гвалту — старшы ўчастковы, маёр міліцыі Андрэй Хічоў — і склаў на Жукоўскага чатыры адміністрацыйныя пратаколы. На Аляксея Атрошчанку — два.
Адміністрацыйны суд над Жукоўскім будзе працягнуты 28 ліпеня. У гэты дзень маюць быць дапытаныя сведкі з ліку цывільных людзей, якіх міліцыя на час затрымання Жукоўскага прывозіла альбо выклікала па позвах.