Суд над відэаблогерам Сяргеем Пятрухіным перанеслі на 4 кастрычніка
Блогер абвінавачваецца паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП (“парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”) за тое, што вёў жывую трансляцыю з плошчы Леніна ў Брэсце з традыцыйнай сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.
Сёння ў судзе Ленінскага раёна Брэста Сяргей Пятрухін заявіў пра недавер суддзі Аляксандру Семянчуку, а таксама хадайнічаў, каб у судовым працэсе браў удзел яго адвакат. У выніку разгляд справы перанесены на раніцу 4 кастрычніка.
Нагадаем, што брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін быў затрыманы днём 30 верасня на вуліцы Энгельса, калі разам з паплечнікамі вяртаўся дадому з плошчы Леніна, дзе па нядзелях сустракаюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода.
Супрацоўнікі міліцыі прымусілі блогера вярнуцца на плошчу, дзе раптоўна з’явіўся мікрааўтобус, на якім Пятрухіна адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста. Ноч перад судом яго пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання.
