Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прыгавор Вользе Радзівонавай
Вярхоўны суд 7 лютага разгледзеў апеляцыйную скаргу журналісткі Вольгі Радзівонавай на прысуд да 4 гадоў зняволення. У выніку суддзя ВС Эдгар Марцірасян пакінуў рашэнне першай інстанцыі ў сіле.
![Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прыгавор Вользе Радзівонавай](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2025/02/rodionova.webp)
Вольга Радзівонава. Фота: са старонкі ў Facebook
10 снежня 2024 года суддзя Мінскага гарадскога суда Вера Галаўкова прыгаварыла Вольгу Радзівонаву да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Акрамя таго суддзя прызначыла штраф памерам 100 базавых велічынь (4 тысячы рублёў — прыблізна 1150 USD). Таксама з журналісткі спаганяюць даход, які, па версіі следства, «атрыманы злачынным шляхам».
Вольгу Радзівонаву абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў дыфамацыйнага характару:
- частка 1 і 2 артыкула 367 КК РБ — «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»,
- артыкул 369–1 КК РБ — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»,
- частка 1 артыкула 130 КК РБ — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»,
- частка 1 артыкула 368 КК РБ — «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
18 снежня Генеральная пракуратура Беларусі абнародавала сутнасць прэтэнзій уладнага рэжыму да журналісткі. Паводле надзорнага ведамства, Вольга Радзівонава была асуджаная за «прадастаўленне замежнаму СМІ для артыкулаў звестак экстрэмісцкага характару». З паведамлення на сайце пракуратуры вынікае, што Радзівонаву звінавацілі за супрацу з нямецкай газетай Die Tageszeitung.
Справа Вольгі Радзівонавай
Сілавікі затрымалі журналістку 7 сакавіка 2024 года. У хуткім часе стала вядома, што па крымінальным абвінавачанні яе змясцілі пад варту ў следчы ізалятар.
А 28 сакавіка Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў два артыкулы, што былі размешчаныя на сайце нямецкай газеты Die Tageszeitung.
Вядома, што падчас утрымання ў СІЗА № 1 Вольгу Радзівонаву накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу ў лякарню ў Навінках. Хворая маці Вольгі Радзівонавай, якой больш за 80 гадоў, мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Вольга Радзівонава раней супрацоўнічала ў якасці фрылансеркі з беларускімі і замежнымі медыямі.
30 кастрычніка 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Вольгу Радзівонаву палітычнай зняволенай.
![](https://awsedrftg.sbs/wp-content/themes/baj/assets/images/telegram-logo.jpg)