Суд пастанавіў зняпраўдзіць звесткі, апублікаваныя ў артыкуле Ляпіна пра будаўніцтва жылля на габрэйскіх могілках
Калегія эканамічнага суда Гомельскай вобласці пад старшынствам Аляксандара Лісоўскага прызнала не адпавядаючымі рэчаіснасці звесткі, пададзеныя Сяргеем Ляпіным у артыкуле «На скандальнай будоўлі на вуліцы Сожаўскай знойдзены косьці, але забудоўнік іх не заўважае» ў дачыненні да ТАА «УКБ-Дронга».
Суд абавязаў аўтара зняпраўдзіць апублікаваныя звесткі і сплаціць судовыя выдаткі, панесеныя ТАА «УКБ-Дронга». А таварыства з дадатковай адказнасцю «Аграбудпрам» прызнана неналежным пазоўцам — яго прэтэнзіі да Сяргея Ляпіна адхіленыя.
Артыкул «На скандальнай будоўлі на вуліцы Сожаўскай знойдзены косьці, але забудоўнік іх не заўважае» быў змешчаны 15 мая на рэгіянальным сайце «Сильные новости» і, на думку пазоўнікаў, прынізіў іх гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Першапачаткова адказчыкам называўся і заснавальнік сайту Пётр Кузьняцоў. На прапанову суддзі Ірыны Хамэрман Кузняцоў пагадзіўся на міравое пагадненне. Ляпін таксама быў не супраць. Аднак выпрацаваны сумесны тэкст пагаднення пазоўцы і заснавальніка сайту не задаволіў архітэктара Ляпіна як аўтара артыкула, і ён адмовіўся падпісваць “міравую”. Таму Эканамічны суд ужо калегіяльна разгледзеў зыск па сутнасці, дзе адказчыкам выступаў толькі Сяргей Ляпін як аўтар артыкула «На скандальнай будоўлі на вуліцы Сожаўскай знойдзены косці, але забудоўнік іх не заўважае».
У якасці прадстаўнікоў Ляпіна суд дапусціў ягоную жонку, гісторыка Марыю Ляпіну-Булавінскую і юрыста, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Леаніда Судаленку. Сяргей Ляпін сёлета ў красавіку быў прыняты ў сябры ГА “БАЖ”.
Пазоўцы на падставе рашэння Гомельскага гарвыканкама атрымалі зямельны ўчастак пад будаўніцтва 18-кватэрнага дома па вуліцы Сожскай, 5. Гісторыкі з гэтай прычыны сталі біць трывогу: як жа так так? На гэтым месцы ў ХIХ стагоддзі размяшчаліся габрэйскія могілкі — месца патрабуе даследавання археолагаў, бо могілкі, няхай сабе і даўно закрытыя, з’яўляюцца археалагічным аб’ектам. Патрэбныя раскопкі, як таго патрабуе беларускае заканадаўства, прынамсі, Кодэкс аб культуры.
Пра гэта пісаў на сайце «Сильные новости» гісторык Яўген Малікаў, здымала відэасюжэт рэспубліканскае тэлебачанне. Падрыхтаваў артыкул на гэтую тэму і архітэктар Ляпін.
Пазоўцы — «Аграбудпрам» і «УКБ-Дронга» — палічылі, што менавіта ў публікацыі Ляпіна ёсьць выразы, якія абражаюць іх гонар і годнасць як забудоўшчыкаў.
Пазіцыя забудоўшчыка: інфармацыя пра могілкі — усяго толькі меркаванне
У прыватнасці, у пазове яны прасілі суд прызнаць неадпаведнымі рэчаіснасці выразы ў публікацыі: «На будоўлі на вуліцы Сожаўскай знойдзены косці, але забудоўнік іх не заўважае», «Гамельчукоў абурыла тое, што шматкватэрны дом плануецца пабудаваць на месцы старых габрэйскіх могілак», «Усе прыведзеныя факты сведчаць пра некампетэнтнасць даследавання прадстаўнікамі забудоўніка і габрэйскай абшчыны будаўнічага ўчастка, дзе, паводле плана 1913 года, месціліся габрэйскія могілкі».
Аспрэчваўся сам факт наяўнасці на месцы забудовы старых габрэйскіх могілак. Прадстаўнік ТДА «Аграбудпрам» адвакат Дзмітры Зайцаў і «УКБ-Дронга» Юры Канюкоў даводзілі суду: маўляў, інфармацыя пра існаванне могілак носіць меркаваны характар, доказамі не пацверджана. Нават калі могілкі былі, але “скасаваны” яшчэ ў 1885, то іх наагул маглі перанесці, перазахаваць. Больш за тое, забудоўшчыкі з удзелам прадстаўнікоў гарвыканкама, габрэйскай рэлігійнай абшчыны “Бэйт Якаў” і гарадскіх СМІ рабілі “шурфаваньне грунту з мэтай устанаўлення магчымых межаў пахаванняў” — і парэшткаў не знайшлі. А косткі, знойдзеныя архітэктарам Ляпіным, паводле высновы судмэдэкспэртызы, “чалавеку не належаць”. Пазоўцы не выключаюць, што косткі нават маглі быць “занесеныя”.
Высвятленнем гістарычных доказаў пра існаванне габрэйскіх могілак на так званым паўночным мысе па-над Сожам займалася і калегія Эканамічнага суда — патрабавала ад гісторыка Яўгена Малікава, які выступаў у судзе як спецыяліст, спасылак на пісьмовыя крыніцы, бо эскізнай мапы 1913 года з пазнакай могілак падалося мала.
Суд па сваёй ініцыятыве запрасіў на паседжаньне й дапытаў у якасьці спэцыяліста супрацоўніка Палаца-паркавага ансамблю, гісторыка Юрыя Панкова, які рыхтаваў гістарычную даведку пра колішні раён “Свісток”, і таксама ўказаў на існаваньне старых габрэйскіх могілак на цяперашняй тэрыторыі пабудовы 18-павярховага жылога дома. Гісторык Панкоў, апрача іншага, дадаў, што могілкі на паўночным мысе пазначалі на мапе ў 1918 годзе і немцы, якія на той час акупавалі Гомель. На паўднёвым мысе, дзе цяпер знаходзіцца футбольны стадыён і тэнісныя корты, яшчэ ў 2008 годзе будаўнікі выкопвалі надмагільныя пліты і чалавечыя парэшткі.
Дапытаны ў судзе у якасьці сведкі прэзідэнт Усясветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман перакананы: “Могілкі на Сожскай не толькі былі — яны ёсць”. І капаць, паводле Гутмана, трэба не на паўтара, а на 3–4 метры, паколькі падчас грамадзянскай забудовы рэльеф мыса, безумоўна, змяняўся. Гутман спрабаваў нават праз суд аспрэчыць рашэнне Гомельскага гарвыканкама на выдзяленьне ўчастка пад будаўніцтва жылога дому, але атрымаў адмову на той падставе, што “ня мае права падаваць такі пазоў, калі ён ня можа разглядацца ў судах з прычыны яго непадведамаснасці”. Нягледзячы на такі зыход, кіраўнік асацыяцыі беларускіх габрэяў перакананы: калі парушаецца заканадаўства, яго наступствы ў рэшце рэшт абавязкова “б’юць па тых, хто яго парушае”.
Інстытут гісторыі НАН Беларусі пісьмова паведамляў забудоўшчыку, што на гэтым месцы раней былі могілкі
Адказчык Сяргей Ляпін і яго прадстаўніца, жонка Марыя, даказалі, што забудоўшчыкі ведалі пра існаваньне закрытых могілак на вуліцы Сожаўскай, 5 яшчэ да пачатку будаўніцтва і муселі ініцыяваць археалагічнае даследаванне ўчастка з запрашэннем профільных спэцыялістаў, а не займацца самадзейнасцю, што і крытыкавалася ў спрэчным артыкуле. Адкак, выглядае, перамаглі нейкія эканамічныя чыньнікі.
Забудоўшчыкі і самі не хавалі ў судзе, што археалагічныя даследаванні адсунулі б тэрміны будаўніцтва, пад пытанне быў бы пастаўлены продаж кватэраў па камерцыйных коштах. Бо далёка ня кожны пагодзіца набываць кватэру ў доме, пабудаваным на могілках, няхай сабе і закрытых сто з лішнім гадоў таму.
Пацьверджаньнем таго, што пазоўцы былі “ў курсе”, зьяўляецца атрыманая з Інстытута гісторыі НАН Беларусі службовая перапіска з дырэктарам ТДА “Аграбудпрам” Аляксандарам Боханавым.
Дырэктар інстытуту Вячаслаў Даніловіч на запыт Боханава паведамляў сёлета ў красавіку наступнае:
“Картаграфічны матэрыял (Планы Гомеля 1799 г.,1830 г., 1838 г.) сведчаць пра тое, што ў раёне будаўніцтва “18-павярховы жылы дом БПД па вул.Сожаўскай, 5 у г. Гомелі” знаходзіліся габрэйскія могілкі. Дадзеныя могілкі былі “скасаваныя”ў 1885 годзе і, відавочна, пахаванні пасля гэтага часу не вяліся. Могілкі пазначаны на планах 1910 і 1913 гадоў”.
З Інстытуту гісторыі паведамлялася таксама, што грамадзянская забудова на месцы былых габрэйскіх могілак стала ажыццяўляцца ў 1920–1930 гады і адлюстравана на аэрафотаздымках горада летам 1941 года. Памяць пра старыя могілкі наагул стала губляцца. І толькі “ўпаміны старажылаў і земляныя працы канца ХХ – пачатку ХХI стагодзьдзя, якія суправаджаліся знаходкамі чалавечых парэшткаў і надмагільных пліт, да гэтага часу сведчаць пра наяўнасць некранутых участкаў былых габрэйскіх могілак”.
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка наагул прасіў суд адмовіць у задавальненні пазову, паколькі ТДА «Аграбудпрам» не згадваецца ў артыкуле Сяргея Ляпіна, а інфармацыя пра забудоўшчыка “УКБ-Дронга” мае характар асабістага меркавання адказчыка.