Сёння суд у ЗША пачне разглядаць пазоў Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода аб аднаўленні фінансавання
Слуханне пазову, пададзенага Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода (РСЭ/РС) супраць Агенцтва глабальных медыя ЗША (USAGM), «каб пазбегнуць непапраўнай шкоды» транслятару ад спынення гранту, ухваленага Кангрэсам, пачнецца ў 14 гадзіны па мясцовым часе 24 сакавіка ў судзе ў Вашынгтоне.

Штаб-кватэра Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе
Акруговы суд Злучаных Штатаў для акругі Калюмбія будзе слухаць аргумэнты абодвух бакоў справы з 14:00 мясцовага часу.
РСЭ/РС патрабуе, каб USAGM, якое кантралюе трансьлятараў, падтрымваных урадам ЗША, такіх як РСЭ/РС і Голас Амэрыкі (VOA), вылучыла для РСЭ/РС 7,5 мільёна даляраў, якія ахопліваюць пэрыяд з 1 па 15 сакавіка — у гэты дзень USAGM заявіла, што фінансаваньне з ухваленага Кангрэсам гранту для РСЭ/РС спынена.
У пазове сьцьвярджаецца, што адмова ў доступе да сродкаў, вылучаных Кангрэсам для Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, парушае фэдэральныя законы і Канстытуцыю ЗША, якая дае Кангрэсу найвышэйшую ўладу над фэдэральнымі выдаткамі. Пазоўнік таксама просіць суд выдаць часовую судовую забарону для вызваленьня сродкаў на сакавік, каб абмежаваць нанясеньне шкоды трансьлятару.
РСЭ/РС праўнымі захадамі таксама дамагаецца рэшты сродкаў гранту за ўвесь 2025 бюджэтны год, які заканчваецца 30 верасьня. Папярэдняе слуханьне аб гэтым заплянаванае на сярэдзіну красавіка.
Ад Ірану да Беларусі
«Скасаваньне нашых кантрактаў з фрылансэрамі і выпраўленьне нашых супрацоўнікаў у безаплатны водпуск істотна пашкодзяць нашай здольнасьці даваць навіны без цэнзуры ў 23 краінах, у якіх мы працуем», — заявіў прэзыдэнт і генэральны дырэктар РСЭ/РС Стывэн Капус у заяве ў суд.
У сваю чаргу USAGM заявіў, што акруговы суд — неадпаведнае месца для разгляду справы і што Кангрэс надзяліў агенцтва «шырокімі паўнамоцтвамі ў наглядзе за атрымальнікамі грантаў».
Пагроза фінансаваньню трансьлятара выклікала хвалю падтрымкі з боку аўдыторыі на 27 мовах і ў 23 краінах, у якіх ён вяшчае.
Ад Ірану да Беларусі, ад Афганістану да Расеі, ад Пакістану да Ўкраіны чытачы і слухачы падтрымалі журналістаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Палітыкі Эўрапейскага Зьвязу разглядаюць магчымасьць падтрымаць РСЭ/РС.
Давядзецца пажыць без «Свабоды»? Як магчымая ліквідацыя рэдакцыі зменіць беларускі медыяландшафт
USAGM — незалежная ўрадавая ўстанова ЗША, якая кантралюе трансьляцыю навін і інфармацыі на амаль 50 мовах прыкладна для 361 мільёна чалавек кожны тыдзень.
Агульны бюджэтны запыт для USAGM на 2025 фінансавы год склаў 950 мільёнаў даляраў для фінансаваньня ўсіх апэрацыяў і капіталаўкладаньняў.
Сюды ўваходзяць такія сродкі масавай інфармацыі, як РСЭ/РС, Голас Амэрыкі, радыё Свабодная Азія, Офіс трансьляцыі на Кубу (Радыё Марці), Сеткі трансьляцыі на Блізкі Ўсход (MBN) і Фонд адкрытай тэхналёгіі (OTF).
Бюджэтны запыт на 2025 год для Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода склаў каля 153 мільёнаў даляраў, паводле дакумэнтаў USAGM.
Што адбылося?
14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM).
«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы ці функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаварылася ў тэксьце ўказу.
Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, спынены.
Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.
- Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Місія карпарацыі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя.
