• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    7 чэрвеня Вярхоўны суд будзе разглядаць апеляцыйную скаргу Ігара Карнея

    Старшыняваць на судовым разборы прызначаны суддзя Вярхоўнага суда Аляксандр Саўчук. Разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага да зняволення журналіста Ігара Карнея пачнецца ў 10.30.

    Карней Ігар

    Ігар Карней. Фота: Радыё Свабода

    Журналіст Ігар Карней абскарджвае ў найвышэйшай судовай інстанцыі прыгавор, вынесены яму Мінскім гарадскім судом па абвінавачанні ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса РБ.

    22 сакавіка 2024 года суддзя Мінгарсуда Сяргей Кацэр прызнаў журналіста вінаватым і асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму і штрафу памерам 500 базавых велічынь (20 000 BYN).

    Неўзабаве пасля вынясення прысуду Ігара Карнея этапавалі з Мінска ў магілёўскі СІЗА, што месціцца ў тамтэйшай турме № 4. Там журналіст чакае вынікаў разгляду скаргі Вярхоўным судом.

    Справа Ігара Карнея

    Журналіста-фрылансера затрымалі пасля ператрусу ў ягонай кватэры 17 ліпеня 2023 года — як было абвешчана сваякам, на 10 сутак. Падчас ператрусу сілавікі забралі камп’ютар і іншыя лічбавыя носьбіты інфармацыі. Некалькі дзён Карней знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, потым яго перавялі ў следчы ізалятар № 1, дзе ўтрымлівалі пад вартай да суда. 

    Пра тое, што стала нагодай для затрымання і ў чым канкрэтна звінавацілі журналіста, стала вядома толькі пасля пачатку судовага разбіральніцтва з афіцыйных СМІ. Яны напісалі, што прычынай крымінальнай справы, распачатай супраць Ігара Карнея, стала яго супрацоўніцтва з грамадскай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Праваабарончая журналісцкая арганізацыя ў 2021 годзе была пазбаўленая юрыдычнага статусу Вярхоўным судом на патрабаванне Мінюста, на пачатку 2023 года абвешчаная рашэннем КДБ «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Сёлета 25 сакавіка беларуская праваабарончая супольнасць прызнала асуджанага журналіста палітычным вязнем.

    У той самы дзень Камітэт па абароне журналістаў (CPJ) асудзіў рашэнне беларускага суда ў дачыненні да незалежнага журналіста Ігара Карнея. «Уладам Беларусі хапіла трох дзён, каб адправіць Ігара Карнея ў турму на тры гады: тыповы прыклад хуткасці і самавольства ў прысудах у дачыненні да незалежных журналістаў у краіне, — заявіла каардынатарка праграмы CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід. — Беларускія ўлады павінны неадкладна зняць усе абвінавачанні з Карнея і вызваліць яго разам з усімі іншымі зняволенымі журналістамі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці