• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Гомелі абвясціў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» пяць акаўнтаў у TikTok. Але ўсе яны, відаць, створаныя ўладамі

    Міністэрства інфармацыі папоўніла так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, куды яно заносіць назвы розных крыніц інфармацыі, якія так званымі судамі вызнаныя тымі самымі матэрыяламі. Гэтым разам адзначыўся суд Цэнтральнага раёна горада Гомеля.

    Скрыншот фэйкавай старонкі Дому Вольнай Беларусі ў Tik­Tok

    Гэтая інстанцыя цягам аднаго дня – 24 верасня – прыняла рашэнні пра вызнанне “экстрэмісцкімі матэрыяламі” адразу пяці Tik­Tok-акаўнтаў. Барацьба з іншадумствам менавіта такім чынам ужо стала звыклаю практыкаю ўладаў. Але тут ёсць нюанс.

    Адзін з абвешчаных гомельскімі суддзямі “экстрэмісцкім” акаўнтаў мае назву “dim_vilnoi_bilorusi Дім Вільної Білорусі”. На аватары ў яго стаіць эмблема Дабрачыннага фонду “Вільна Білорусь”. Гэты фонд стварылі беларусы Украіны для дапамогі беларускім падраздзяленням у складзе Узброеныя сілы Украіны, сем’ям загінулых на расійска-ўкраінскай вайне беларусаў, а таксама беларусам, якія здаўна жывуць ва Украіне і пацярпелі ад вайны і акупацыі. Таксама адна з місій фонду – захаванне памяці пра беларускіх герояў, якія аддалі свае жыцці ў расійска-ўкраінскай вайне. Менавіта дзеля гэтага год таму ў Львове быў адкрыты Дом Вольнай Беларусі з музеем “Вільна Білорусь з Україною в серці”.

    Але акаўнт у Tik­Tok, які абвясцілі “экстрэмісцкім”, выклікаў у журналістаў “Гомельскай вясны” падазрэнні. Па-першае, увесь кантэнт, які там размешчаны – на расійскай мове. Па-другое, шмат у якіх роліках праглядаецца завуаляваная праўладная лукашэнкаўская прапаганда.

    Напрыклад, у адным з ролікаў, аздобленым у чырвона-зялёных колерах, падаецца думка нейкай адвакаткі, якая запужвае шкаляроў, што яны цяпер абавязаныя бясспрэчна падпарадкоўвацца патрабаванням настаўнікаў, інакш тыя могуць выклікаць у школу міліцыю. У наступным роліку распавядаецца пра тое, як “гераічна” супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый ладзяць праверкі ў асабістых дамах і кватэрах грамадзян. Яшчэ адзін ролік паказвае Лукашэнку і амаль даслоўна пераказвае ягоную заяву, што пры пагрозе Беларусі ці Расіі з боку Захаду адказ будзе “маланкавы”. Ні ў адным роліку нейкага спрастоўвання прапагандысцкіх наратываў няма.

    “Гомельская вясна” звярнулася да кіраўніка Дабрачыннага фонду “Вільна Білорусь” і Дому Вольнай Беларусі ва Львове Аляксея Францкевіча з пытаннем, ці сапраўды такі расійскамоўны кантэнт стварае гэтая арганізацыя.

    “У нас увогуле няма акаўнта ў Tik­Tok. Я не ведаю, хто стварыў і напаўняе згаданы вамі акаўнт пад нашай назвай і эмблемай, але мы дакладна да гэтага не маем аніякага дачынення. Па-першае, нам было б папросту сорамна ва ўмовах паўнамаштабнай вайны ствараць кантэнт на мове нашых і ўкраінцаў гістарычных ворагаў. А тым больш, калі там схавана прасоўваецца праўладная прапаганда, то ні мы, ні нашыя валантэры – а ўсе мы зазналі ў Беларусі палітычны пераслед і жывем за мяжой вымушана – ніколі б нічога падобнага не стваралі”, – адказаў Аляксей Францкевіч.

    Можна меркаваць, што такую крыніцу інфармацыі стварылі самі ж улады ці нехта з іх даручэння. Прычым, мэтаю гэтага можа быць не толькі прасоўванне праўладнай прапаганды, але і, у выніку вызнання “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, стварэнне магчымасці надалей пераследаваць людзей, якія падпісваюцца на такія крыніцы інфармацыі, завабіўшыся нібыта прадэмакратычнай назвай і аватаркай.

    Акрамя фэйкавага акаўнту “Дома Вольнай Беларусі” “экстрэмісцкімі матэрыяламі” тады ж былі абвешчаныя акаўнты  “blazelynx0”, які больш увагі надае расійскай тэматыцы, “slavikbi­son Славик Зубр”, які нават мае чырвона-зялёную расфарбоўку аватару, “kod­bielarusi Holas” і “vladimir­pa­tri­ot”.

    Скрыншот акаўнту kod­bielarusi Holas у Tik­Tok

    Прааналізаваўшы гэтыя акаўнты, “Гомельская вясна” прыйшла да высновы, што гэта таксама мімікруючыя пад апазіцыйныя крыніцы пашырэння праўладнай прапаганды. Імаверна, усе рэальна апазіцыйныя крыніцы інфармацыі ўлады ўжо “экстрэмісцкімі” паабвяшчалі і цяпер узяліся ўласнаручна ствараць псеўдаапазіцыйныя каналы, праз якія можна запужваць беларусаў і прасоўваць сваю прапаганду, а, пры нагодзе, падпісанта можна і рэпрэсаваць.

    Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што артыкул 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека гарантуе кожнаму права на свабоду пошуку, атрымання і распаўсюду інфармацыі і ідэяў любым спосабам і незалежна ад дзяржаўных межаў. Але Беларусь, як дзяржава, парушае шматлікія міжнародныя праўныя акты і сваю ж шматкроць пераробленую Канстытуцыю.

    Таму праваабаронцы заклікаюць крытычна ставіцца да любой інфармацыі, намагацца яе верыфікаваць і пры гэтым выконваць захады бяспекі пры карыстанні інтэрнэтам, каб не патрапіць пад рэпрэсіі з боку карных органаў кіроўнага ў Беларусі рэжыму.   

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці