Суд у Гомелі: незалежным СМІ месца на пасяджэннях бракуе
З 12 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля праходзіць суд над даверанымі асобамі і сябрамі ініцыятыўнай групы экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Хоць працэс адкрыты, незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў у залу суда не прапускаюць.
Чарга не прывяла незалежных журналістаў на гучны працэс
За кратамі ў судовай клетцы чацвёра: Юрый Уласаў, Таццяна Канеўская, Аляксандр Шабалін і Дзмітрый Івашкоў. Іх абвінавачваюць у «масавых беспарадках», а таксама планах захопу адміністрацыйных будынкаў (паводле ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 292 Крымінальнага кодэкса). Апроч таго, Уласаў мае адказваць яшчэ паводле арт. 369 КК і за абразу прадстаўнікоў улады.
Афіцыйна суд не закрыты. Аднак журналістаў незалежных СМІ, у адрозненне ад дзяржаўных медыярэсурсаў, на пасяджэнні не дапускаюць.
Гэтаксама не пускаюць палітыкаў і валанцёраў, што прыйшлі падтрымаць арыштантаў з «каманды Ціханоўскай». Супрацоўнікі суда спасылаюцца на абмежаваную колькасць месцаў у судовай зале і лютаванне каранавіруса. На працэсе дазваляюць прысутнічаць толькі па аднаму сваяку абвінавачаных.
12 красавіка, прастаяўшы ў чарзе каля гадзіны, у судовую залу так і не змаглі патрапіць журналісты з «Народнай Волі», “Беларускага Радыё Рацыя», Onliner, «Сильных новостей» ды іншых.
Інспектары рэгіструюць прадстаўнікоў незалежных СМІ, раяць пачакаць, а пасля заяўляюць, што вольных месцаў у зале судовых пасяджэнняў няма, альбо наогул не даюць ніякай інфармацыі. Журналістам не дазваляюць здымаць нават чаргу ў холе.
Міліцыя вядзе двухступеневы дагляд. У холе правяраюць людзей і рэчы з прымяненнем адмыслова ўсталяванага металадэтэктара, а на чацвёртым паверсе непасрэдна перад залай пасяджэнняў — яшчэ адзін міліцэйскі кантроль.
Грамадскія актывісты зрабілі запісы ў кнізе заўваг і прапаноў, што суд не забяспечвае публічнасць разгляду крымінальнай справы, распачатай на тле правядзення прэзідэнцкіх выбараў.
Журналіст газета «Народная Воля», сябра Камісіі па этыцы ГА «БАЖ» Анатоль Гатоўчыц, каб сустрэцца з намеснікам старшыні суда Алегам Шапірам, мусіў двойчы праходзіць дагляд, у тым ліку з фізічным абмацваннем кішэнь вопраткі і цела. Забаранілі нават мець пры сабе дыктафон, а толькі асадку і блакнот.
Журналіст згадвае, што яму даводзілася бываць у абласным, Вярхоўным судах Беларусі, у парламентах і міністэрствах Літвы, Германіі, Швецыі, Даніі і нават у штаб-кватэры НАТА ў Бруселі — але нідзе такіх «турэмных» даглядаў не было.
«Супрацоўніца канцылярыі суда правяла нас з палітыкам Васілём Паляковым на трэці паверх. Васіля, каб ён дачакаўся, пакуль прынясуць кнігу заўваг і прапаноў, мяне — на прыём да намесніка старшыні суда, паколькі старшыня Таццяна Адрыбец была занятая», — згадвае Анатоль.
Паводле слоў журналіста, нечакана з чацвёртага паверха спусціўся міліцэйскі падпалкоўнік (прозвішча сваё назваў невыразна, а паўтарыць адмовіўся) і заявіў, што “ніякімі дыктафонамі і фотаапаратамі ў будынку суда карыстацца нельга”. Калі яму патлумачылі, чаму тут аказаліся, падпалкоўнік загадаў вярнуцца ў хол на першы паверх.
«Будзеце затрыманыя за непадпарадкаванне», — стаў пагражаць падпалкоўнік і загадаў сяржантам праз запасны выхад вывесці журналіста і палітыка на першы паверх у хол.
«Хвілін праз пятнаццаць я ў другі раз праходзіў прыдзірлівую працэдуру дагляду. Мне было важна сустрэцца хоць і з намеснікам кіраўніка суда, каб пачуць, чаму нечакана запанавала выбарачнае абмежаванне на прысутнасць журналістаў на грамадска значным працэсе, — кажа Анатоль Гатоўчыц. — Алег Шапіра распавёў, што парадкі кантролю ў будынку суда вызначае Дэпартамент аховы МУС. Кіраўнікі судоў, па сутнасці, толькі падпісваюць інструкцыю. Самая вялікая зала суда Чыгуначнага раёна насамрэч невялікая. Апроч таго, існуе пастанова Пленума Вярхоўнага суда і адпаведны ведамасны загад наконт засцярогі ад CОVID-19”.
Прапанову журналіста мець у такім разе прэс-цэнтр альбо ладзіць грамадска значныя суды ў больш прасторным будынку абласнога суда, як гэта рабілася па справе «француза з патронам» Жаляна Віё, намеснік старшыні суда назваў слушнай, але зазначыў, што не ўсё ад яго залежыць.На наступны дзень пасля гэтай размовы журналістаў незалежных СМІ зноў не прапусцілі на працэс «чацвёркі» Ціханоўскай.