Суд у Гродне пяты раз спрабаваў разгледзець адміністрацыйную справу рэдактара NewGrodna
Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна працягнулася судовае слуханне адміністрацыйнай справы галоўнага рэдактара NewGrodna.by Ігара Бублікава.
У пасяджэнні да абедзеннага перапынку суддзя заслухаў паказанні сведак-міліцыянтаў, таксама былі прадэманстраваныя аператыўная відэаздымкі ў якасці доказу вінаватасці журналіста. Але пасля перапынку прысутных на працэсе чакала неспадзянка — справу ў чарговы раз адправілі на дапрацоўку ў Кастрычніцкі РАУС.
Ігар Бублікаў здзіўлены такім рашэннем суддзі.
“Гэта было ўжо пятае пасяджэнне ў судзе, і для мяне сапраўды гэта зноўку стала нечаканасцю. Такіх квэстаў яшчэ не было ў маім жыцці, зараз чакаць невядома чаго і невядома колькі”, — кажа журналіст.
Нагадаем, супрацоўнікі міліцыі затрымалі рэдактара NewGrodna.by Ігара Бублікава, калі ён 27 верасня асвятляў марш пратэсту ў Гродне.
У дачыненні да яго завялі адміністрацыйную справу паводле арт. 23.34 КаАП, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, амаль суткі пратрымалі ў ізалятары. На момант затрымання журналіст быў апрануты ў камізэльку з надпісам “Прэса”.
