• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Судовы выканаўца дае гомельскаму журналісту сем сутак на пагашэнне штрафу

    Судовы выканаўца аддзела прымусовага выканання Цэнтральнага раёна Гомеля Тамара Лабезнікава праз пошту даслала мясцоваму журналісту-фрылансеру Кастусю Жукоўскаму пастанову аб узбуджэнні выканаўчай справы.

    Кастусь Жукоўскі

    Ад яго патрабуюць цягам сямі дзён сплаціць 6‑мільённы штраф, вынесены Кармянскім раённым судом 20 студзеня за відэасюжэт на тэлеканале “Белсат” – пра перабоі з забеспячэннем жыхароў райцэнтра пітной вадой. 

    “Раней судовая выканаўца прыходзіла да мяне дахаты і папярэджвала, што калі я не сплачу накладзеныя на мяне штрафы, то будзе апісана і канфіскавана сямейная маёмасць на іх пагашэнне. Летась, дзякуючы добрым людзям і арганізацыям, я здолеў сабраць і заплаціць 31 мільён рублёў за фрылансерскую дзейнасць. Але сёлета дадалося яшчэ 36 мільёнаў штрафаў”, – распавёў Службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі.

    Як мяркуе фрылансер, прадстаўнікі ўлады яго проста выжываюць з прафесіі, складаючы пратаколы і штрафуючы за падрыхтоўку відэаматэрыялаў на замежны сродак масавай інфармацыі без акрэдытацыі ў МЗС:

    “Хто і якую акрэдытацыю для мяне будзе прасіць ці даваць, калі я не з’яўляюся штатным супрацоўнікам “Белсату”? Беларуская Канстытуцыя, міжнародныя дамовы, падпісаныя нашай краінай, дазваляюць мне як грамадзяніну збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Іншая справа – што ўладам проста не даспадобы нават сацыяльная інфармацыя ў інтэрнэце, якую яны не кантралююць”.

    Таксама сёння з позвы стала вядома, што 6 красавіка Кастуся Жукоўскага зноў выклікаюць у суд – гэтым разам Светлагорскага раёна. Там мае разглядацца  чарговы адміністрацыйны пратакол за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. У лютым на тэлеканале “Белсат” паказваўся сюжэт “Прыроднае бедства на Гомельшчыне” – пра масавы мор рыбы ў Сасноваборскім вадасховішчы Светлагорскага раёна. На скаргі тутэйшых рыбакоў ні арганізацыя, на балансе якой  знаходзіцца штучны вадаём, ні мясцовыя чыноўнікі не рэагавалі. Міліцыя ж праводзіла расследаванне, але не мору рыбы. Яна выяўляла, хто гутарыў з мясцовымі жыхарамі і хто падаў у інтэрнэт інфармацыю, якой скарыстаўся тэлеканал “Белсат”.

    Кастусь Жукоўскі

    Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (Табліцы, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці