Суды над Таццянай Смоткінай і Змітром Лупачам перанеслі
Глыбоцкіх журналістаў вінавацяць у супрацоўніцтве з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, але прызначаных на 9 і 10 ліпеня судоў не адбудзецца.
«Напярэдадні я патэлефанавала ў суд, бо хацела яшчэ раз паглядзець матэрыялы сваёй справы, каб лепш падрыхтавацца да працэсу. – Але ў канцылярыі мне сказалі, што нашых са Змітром дакументаў у іх няма – іх адправілі назад у міліцыю, каб там выправілі нейкія неадпаведнасці. Паперы адправілі ўжо з тыдзень таму, але з міліцыі нічога не чуваць. Нас не выклікаюць для нейкіх удакладненняў. І пра іншую дату верагоднага суда нічога не паведамляюць», – распавяла Таццяна Смоткіна.
Дакументы ў суд на абодвух журналістаў рыхтаваў старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла. У канцы мая ён выклікаў Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача, каб запісаць іх тлумачэнні, а потым склаў пратаколы пра правапарушэнне. Падчас гутарак у міліцыі абодва журналісты адмовіліся ад тлумачэнняў, спаслыўшыся на артыкул №27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дазваляе грамадзянам не сведчыць сабе на шкоду.
Супраць Таццяны распачатая адміністрацыйная справа за артыкул “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі», размешчаны 9 чэрвеня на сайце Беларускага “Радыё Рацыя” (Польшча). Паводле матэрыялаў справы, яна ініцыявана Глыбоцкай пракуратурай. Змітра Лупача вінавацяць за артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года», размешчаны на сайце «Еўрарадыё».