Супраць блогера Антона Матолькі распачалі спецвытворчасць паводле 13 крымінальных артыкулаў
Супраць блогера Антона Матолькі у Беларусі распачалі крымінальную справу паводле 13 артыкулаў. Стваральніка «Беларускага Гаюна», а некалі блогера-урбаніста вінавацяць сярод іншага і ў спробе захопу ўлады, і ў экстрэмізме, і ў здрадзе дзяржаве.
Справу Следчы камітэт будзе весці ў парадку так званай спецыяльнай вытворчасці, то-бок у адсуднасць абвінавачанага. Асцерагаючыся палітычна матываванага пераследу, Матолька ў 2020 годзе з’ехаў з краіны.
Згодна з паведамленнем Telegram-канала «Специальное производство. Официально», Антона Матольку вінавацяць паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- часткі 1 артыкула 357 — змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
- часткі 1 артыкула 293 — арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады;
- часткі 1 артыкула 342 — арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
- часткі 3 артыкула 130 — распальванне расавай, рэлігійнай або сацыяльнай варожасці ці варажнечы;
- часткі 3 артыкула 361 — заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
- часткі 2 артыкула 366 — гвалт або пагроза ў дачыненні да пасадовай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак (у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
- часткі 2 артыкула 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- частак 1 і 2 артыкула 368 — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- артыкула 369–1 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
- частак 1 і 2 артыкула 361–1 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
- часткі 2 артыкула 361–2 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
- артыкула 361–2 КК (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 20.04.2016 №358‑З);
- часткі 2 артыкула 361–4 — садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці;
- часткі 1 артыкула 356 — здрада дзяржаве.
Прынамсі два са згаданых артыкулаў прадугледжваюць пакаранне на тэрмін да 15 гадоў зняволення.
Каб даць тлумачэнні па справе, Антону Матольку прапануюць з’явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэта РБ па Гродзенскай вобласці.
У сакавіку 2021 года Следчы камітэт паведаміў, што блогера, які пакінуў Беларусь, абвяшчаюць у міждзяржаўны вышук. У адказ на гэта Матолька заявіў, што «гатовы адказаць за ўсе свае дзеянні перад судом. У новай Беларусі».
У красавіку 2021 года КДБ Беларусі ўключыў Антона Матольку ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
«30 тысяч человек сообщили о перемещении войск». Интервью с создателем «Беларускага Гаюна» Антоном Мотолько
16 сакавіка 2022 года МУС Беларусі ўключыў у спіс экстрэмісцкіх фарміраваняў «групу грамадзян, аб’яднаных вакол Telegram-канала «Беларускі Гаюн» і Telegram-чата «Беларускі Гаюн Chat». Назаўтра, 17 сакавіка 2022 года, у пералік экстрэмісцкіх фарміраванняў унеслі «групу грамадзян, аб’яднаную вакол Telegram-канала «МотолькоПомоги».
У 2016 годзе за аператыўнае асвятленне працы няўрадавага сектару Антон Матолька атрымаў прыз у намінацыі «Медыя/журналіст года» на конкурсе «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці», які праводзіла Асамблея недзяржаўных арганізацый.