Супраць Валерыі Уласік — адміністрацыйная справа, прайшоў вобшук
Высветлілася, што ператрус быў у сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Валерыі Уласік. Яе падазраюць у масавых беспарадках. Супраць яе заведзена адміністрацыйная справа.
Падчас вобшуку сілавікі забралі мабільныя тэлефоны, два ноўтбукі і флэшкі.
З рэдактаркай партала TUT.BY Галінай Уласік усё добра, яна кантактуе з адвакатам пасля ператрусу. Яе дачка Валерыя Уласік таксама журналістка, цяпер працуе ў сферы PR.
Сёння раніцай сілавікі паспрабавалі патрапіць ў кватэру адной з рэдактараў TUT.BY Галіны Уласік. Пазней сувязь з ёй знікла.
Як распавяла Галіна калегам, з раніцы хтосьці настойліва стукаў і тэлефанаваў у дзверы, але яна нікога не чакала, таму і дзверы не адчыняла. Суседзі расказалі ёй, што бачылі каля ўваходу траіх мужчын у балаклавах.
Праз паўгадзіны зноў зазваніў званок. Галіна і яе дачка Валерыя паспелі паведаміць, што ў кватэру спрабавалі трапіць сілавікі — у іх быў ордэр на ператрус.
Валерыю Уласік забрала міліцыя. Яе абвінавачваюць у парушэнні артыкула 23.34 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»).
9 верасня Міністэрства інфармацыі вынесла чарговае папярэджанне ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» — за артыкул «К редактору TUT.BY пришли силовики. На ее дочь завели уголовное дело о массовых беспорядках».
У лісце Мінінфарма гаворыцца, што ў дачыненні да Валерыі Уласік крымінальная справа не распачыналася, а ператрус праводзіўся «у мэтах праверкі інфармацыі аб датычнасьці яе да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія адбываюцца на тэрыторыі горада Мінска».