Сусветны дзень навінаў-2025: арганізатары заклікаюць далучацца
Кампанія праводзіцца штогод 28 верасня, каб паказаць свету сілу і каштоўнасць журналістыкі. Зараз фармуецца парадак дня.

Выява з сайта event.wan-ifra.org
Сусветны дзень навінаў – штогадовая кампанія, якую ладзіць Сусветны форум рэдактараў WAN—IFRA, праект Бранка Бркіча «Працяг канфлікта» і Канадскі фонд журналістыкі. Штогод 28 верасня арганізатары ладзяць па ўсім свеце супольныя мерапрыемствы. Мэта кампаніі — паказаць, як журналістыка рэальна мяняе жыццё людзей.
Штогод кампанія дае рэдакцыям гатовыя да выкарыстання матэрыялы, у тым ліку сацыяльныя відэа, лічбавую і друкаваную рэкламу.
— Для навінавых СМІ насталі нялёгкія часы: паўсюль на планеце Зямля давер вымірае. А журналістыка, як самы верны пасланнік даверу, падвяргаецца нападкам. Дэзынфармацыя атручвае нашыя грамадствы эфектыўней за фізічную атруту… Нас нялёгка запужаць, мы не ламаемся. Мы не губляем свой маральны компас, — сцвярджаюць арганізатары. — Сусветны дзень навінаў 2025 года — гэта не збор сродкаў. Гэта пункт яднання.
Сусветны дзень навінаў стартаваў у 2018 годзе, і ўжо летась у кампаніі прынялі ўдзел больш за 800 рэдакцыяў з усяго свету. Але арганізатары ставяць перад сабой амбітныя мэты пашырыць яшчэ больш геаграфію кампаніі. Каб далучыцца да яе, арганізатары просяць пакінуць кантактныя звесткі.
