Святлана Ціханоўская: «Калі журналістаў кідаюць за краты за іх працу, грамадства губляе свой голас»
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская выказалася ў падтрымку незалежных медыя і асудзіла рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі.

Святлана Ціханоўская. Фота: ТГ-канал Святланы Ціханоўскай
У сваім telegram-канале спадарыня Ціханоўская зазначыла:
«Я заўсёды кажу, што медыя — гэта «чацвёртая ўлада». Так, яны могуць крытыкаваць — і часам гэта бывае непрыемна. Яны падсвечваюць нашыя хібы ды няўдачы — і гэта можа раздражняць. Але менавіта журналісты не дазваляюць уладзе ўпасці ў стагнацыю. Дзякуючы ім, мы выпраўляем памылкі, чуем важныя рэчы і бачым тое, што ад нас хаваюць.
Свабодныя медыя — гэта індыкатар свабоднага грамадства. Але сітуацыя ў Беларусі — супрацьлеглы бок медаля. У нашай краіне журналістаў «душаць», выціскаюць за мяжу, ім пагражаюць нават у эміграцыі. Беларусь — «лідар» у Еўропе па колькасці журналістаў за кратамі. Гэта катастрофа.
Чаму гэта адбываецца? Таму што рэжым баіцца праўды і спрабуе заглушыць незалежныя галасы. Дзяржаўныя медыя замоўчваюць важныя падзеі, тады як незалежныя журналісты, нягледзячы на пагрозы, працягваюць уголас казаць пра тое, што важна для грамадства. Як гэта было ў Хойніках, калі ўпаў расійскі дрон: толькі незалежныя СМІ паведамілі пра гэта, улада ж спрабавала зрабіць выгляд, што нічога не здарылася.
Беларускія журналісты кожны дзень выконваюць надзвычай важную працу, за якую могуць пазбыцца маёмасці, сям’і, свабоды. Але, нягледзячы на цяжкасці, яны працягваюць змагацца за свабоду слова і не дазваляюць людзям заставацца ў інфармацыйнай бурбалцы. І калі журналістаў кідаюць за краты за іх працу, грамадства губляе голас.
Менавіта таму я змагаюся за незалежныя СМІ і шукаю для іх падтрымку. Я заўсёды паўтараю сваёй камандзе і сваім калегам: адносіны з медыя павінны быць адкрытымі і сумленнымі. Свабода слова — гэта каштоўнасць, якую мы павінны абараняць разам».
