Свята-Елісавецінскі манастыр выгнаў «Маляваныча» — але «не за палітыку”
У сацсетках з'явілася інфармацыя аб тым, што акцёр Аляксандр Ждановіч, вядомы беларусам як Маляваныч з дзіцячай тэлеперадачы "Калыханка", звольнены са Свята-Елісавецінскага манастыра. Ждановіч называў манастыр сваім другім домам і быў там мастацкім кіраўніком дзіцячага інклюзіўнага тэатра "Радасць".
Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы» / obitel-minsk.ru
Пост пра гэта неўзабаве быў выдалены, а акцёр амаль адразу абверг інфармацыю, напісаўшы, што яго не маглі звольніць з манастыра, паколькі ніякіх юрыдычных адносін паміж ім і манастыром няма. А таксама — што яго стаўленне да Бога і да манастыра не змянілася:
«Лічу манастыр сваім домам, з якім мяне звязвае духоўнае жыццё і культурная дзейнасць… А як вядома, бацькоў і бацькаву хату не выбіраюць. Мая грамадзянская пазіцыя не супадае з пазіцыяй манастыра, але гэта не значыць, што я стаў ставіцца да людзей манастыра інакш, яны маюць права думаць па-іншаму! Я працягваю любіць іх і маліцца за іх».
Аднак у Свята-Елісавецінскім манастыры, на жаль, прытрымліваюцца іншага пункту гледжання.
«Мы з Аляксандрам засталіся ў цудоўных адносінах, ён як быў нашым вернікам, так ёсць, так і будзе. Тое, што мы не будзем супрацоўнічаць, ніяк на нашых і асабістых, і духоўных, і чалавечых, і якіх заўгодна адносінах не адлюстроўваецца», — распавядаюць там Еўрарадыё.
«Нельга сказаць, што мы звальняем людзей за палітычныя погляды. Гэта не так. Калі людзі звальняюцца, значыць ёсць нейкая сукупнасць фактараў. Мы ведалі пра яго погляды. Усё роўна з ім супрацоўнічалі, тут не было ніякіх праблем. Ён у пратэстным руху з самага пачатку, ён хадзіў на мітынгі са жніўня. Мы гэта выдатна ўсе ведалі, але тым не менш з ім супрацоўнічалі», — дадаюць у манастыры.
Акцёра Аляксандра Ждановіча 8 лістапада затрымалі на праспекце Пераможцаў. У гэты час там праходзіў пратэстны марш. «Маляваныч» заступіўся за жанчыну — і сам апынуўся ў аўтазаку.
На судзе акцёр даведаўся з пратаколу, быццам бы ён хадзіў і выкрыкваў лозунгі. Ждановіч не пагадзіўся з абвінавачаннямі і атрымаў 9 сутак арышту.