Святлана Алексіевіч абраная віцэ-прэзідэнткай Міжнароднага ПЭН-Клуба
Падчас кангрэса Міжнароднага ПЭН-Клуба Святлана Алексіевіч абраная віцэ-прэзідэнткай арганізацыі. Пра гэта паведаміла ў Facebook старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Тацяна Нядбай — яна ўдзельнічае ў кангрэсе.
Таксама віцэ-прэзідэнтамі абраныя Архан Памук (Турцыя), Луіса Валенсуэла (Аргентына), Элена Панятоўска (Мексіка), Франсыска Сіяніль (Філіпіны).
85‑ы кангрэс Міжнароднага ПЭН-цэнтра праходзіць у сталіцы Філіпінаў Маніле, на ім сабраліся больш за 200 чальцоў «Клуба паэтаў, эсэістаў і раманістаў».
Святлана Алексіевіч — сябра беларускага ПЭН-цэнтра ад 1989 году. У ліку ейных ўзнагародаў прэмія ад Шведскага ПЭН-клуба — у 1996 годзе яе ўзнагародзілі «за адвагу і годнасць у літаратуры». У 2015 годзе Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію «за шматгалосную творчасць — помнік пакутам і адвазе ў наш час».