• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сёння 40 дзён па Паўлу Шарамету

    Жорсткае забойства вядомага журналіста, заснавальніка сайта “Беларускі партызан”, да гэтага часу не раскрытае. Нягледзячы на гэта калегі ў Беларусі, Украіне, Расіі і іншых краінах свету спадзяюцца, што вінаватыя будуць знойдзеныя і панясуць пакаранне.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/1146810.jpg

    Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня гэтага года падчас тэракта ў Кіеве. Выбух здарыўся ў 7.45 раніцы на рагу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка. Машына, у якой спрацавала выбухоўка, належала сузаснавальніцы «Украинской правды» Алене Прытуле, але яе ў аўтамабілі не было.

    Павел Шарамет пахаваны ў Паўночных могілках у Мінску.

    Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Мінску. Пасля школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ, дзе правучыўся тры курсы. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Да 1992 года працаваў у адным з беларускіх банкаў. Затым прыйшоў на беларускае тэлебачанне. Вядомасць атрымаў як вядучы штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект».

    У 1996 годзе працаваў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты». У тым жа годзе быў прызначаны загадчыкам беларускага бюро Грамадскага расійскага тэлебачання (цяпер Першы канал) і ўласным карэспандэнтам ОРТ па Беларусі.

    У ліпені 1997 года, падчас здымкі рэпартажу аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі паводле абвінавачання ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну, правёў у турме ўвогуле тры месяцы.

    У 1998 годзе Шарамет пачаў працаваць спецыяльным карэспандэнтам праграм «Новости» і «Время» дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ, а ў студзені 1999 года заняў пасаду шэф-рэдактара расійскай і замежнай карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Быў вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Время».

    У 2000 годзе Шарамет пайшоў з праграм навін і працягнуў працаваць на Першым канале як аўтар дакументальных фільмаў і спецыяльных праектаў у межах інфармацыйных праграм. Канчаткова пакінуў тэлеканал у 2008 годзе. З 2009 года з‘яўляўся рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе «Огонёк». У 2011 годзе Шарамет нядоўга вёў перадачу «Приговор» на тэлеканале РЕН ТВ.

    Быў адным з заснавальнікаў «Беларускага партызана». У 2012 годзе стварыў сайт навукова-папулярнага гістарычнага інтэрнэт-выдання «Историческая правда». З 2012 года вёў блог журналіста ў інтэрнэт-газеце «Украинская правда», у далейшым стаў яе выканаўчым дырэктарам.

    З верасня 2013-га па 2014 год працаваў вядучым праграмы «Прав? Да!» на Грамадскім тэлебачанні Расіі. У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект «Диалоги» на ўкраінскім тэлеканале 24. З верасня 2015 года па красавік 2016 года — вядучы на ўкраінскім радыё «Вести».

    Справа Шарамета: дапытана больш за 500 чалавек, прапрацоўваюць 4 версіі

    Калінкіна пра справу Шарамета: У мяне ўсё менш і менш аптымізму (тэкст анлайн-канферэнцыі)

    Развітанне з Паўлам Шараметам у Мінску (відэа)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці