• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Таццяна Ашуркевіч: «Уключэнне ў базу міждзяржаўнага вышуку — гэта ўжо тыповая сітуацыя»

    Беларускую журналістку Таццяну Ашуркевіч ўнеслі ў базу крымінальнага вышуку на сайце МУС РФ. Таццяна кажа, што для яе гэта не стала вялікай навіной. Яна ўжо ведала, што супраць яе ў Беларусі распачатыя крымінальныя справы.

    Таццяна Ашуркевіч

    Таццяна Ашуркевіч. Фота: з асабістага архіва

    Хоць дакладна не можа сказаць, паводле якіх артыкулаў яе пераследуюць.

    «Пра тое, што мяне ўключылі ў базу вышуку на тэрыторыі Расіі і Беларусі, мне распавёў мой знаёмы. Потым я і сама сябе там знайшла. Ведаю, што апошняя крымінальная справа была заведзеная супраць мяне ўлетку, па-мойму, за каментар “Белсату”. Ёсць і яшчэ некалькі, здаецца, за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні і за заклікі да звяржэння дзяржаўнага ладу.

    Нават не ведаю, калі я паспела  гэта зрабіць, але зараз у Беларусі факты не важныя — па якіх артыкулах захацелі, па такіх справы і завялі. Тыповая сітуацыя. Хай заводзяць хоць сотню такіх спраў. Мяне куды больш хвалююць лёсы беларускіх палітзняволеных, чым з’яўленне майго прозвішча ў тым спісе», — пракаментавала журналістка ўключэнне яе ў вышуковую базу.

    Таццяна Ашуркевіч зазначае, што гэты факт на яе жыццё аніяк не паўплывае. А занятак публічнай журналістыкай цалкам прадказальна мог мець такія наступствы з боку беларускіх уладаў і сілавых структур.

    Таццяна Ашуркевіч

    У лютым 2025 года невядомыя залілі мантажнай пенай дзверы ў кватэру, дзе Таццяна жыла ў Мінску. На дзвярах пакінулі надпіс фарбай «Верни долг!». На той момант журналістка ўжо больш за чатыры гады не жыла ў Беларусі, таму версію наконт нейкіх пазыкаў палічыла беспадстаўнай.

    Тады Таццяна Ашуркевіч выказала меркаванне, што здарэнне з дзвярыма — гэта працяг цкавання за прафесійную дзейнасць, якое пачалося яшчэ за месяц. Сёлета 22 студзеня ў еўрапейскім выданні Politi­co выйшаў артыкул журналісткі пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўрасаюза. Практычна адразу пасля гэтага Таццяне ў Insta­gram пачалі прыходзіць зняважлівыя допісы і пагрозы крымінальнымі справамі «за абразу Лукашэнкі» і «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Былі выпадкі, калі гэта пісалася з фэйкавых акаўнтаў без фотаздымкаў і з прыдуманымі імёнамі. На думку журналісткі, гэта быў «крэатыў» з боку супрацоўнікаў КДБ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці