• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тарас Тарналіцкі: пра змену прафесіі, барацьбу з пірацтвам і знаёмства з БАЖ

    Карэспандэнт «Еўрарадыё» Тарас Тарналіцкі знаёмы з БАЖ каля дзясятка гадоў. Ён мяркуе, што падзеі 2020 года моцна зблізілі арганізацыю з медыярынкам і з журналістамі.

    Тарас Тарналіцкі. Фота: Euro­ra­dio

    «Я вырашыў, што мне чамусьці трэба ісці ў журналістыку»

    — Сваё знаёмства з БАЖ я памятаю ўжо даволі цьмяна. Гэта адбылося недзе ў 2014–2015 годзе, калі я вырашыў, што не хачу больш займацца продажам рэкламы на TUT.BY (там я адпрацаваў каля паўгода). Я вырашыў, што мне трэба ісці ў журналістыку: там цікава, мне падабаецца гэтая праца. Маё жаданне супала з нейкімі курсамі, на якія я адразу і запісаўся.

    Пасля даведаўся пра існаванне Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая, сярод іншага, і займаецца адукацыяй журналістаў. Мне гэта было карысна, я скончыў гістарычны факультэт, таму, натуральна, мне былі патрэбныя парады, базавы набор ведаў, каб рухацца ў бок прафесійнай журналістыкі.

    У гэты час я і скарыстаўся магчымасцямі, якія былі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    — Журналістыка не расчаравала вас?

    — Мяне больш жыццё расчаравала (смяецца). А журналістыка стала, хутчэй, тым інструментам, якая падсвяціла ўсю складанасць быцця. Таму ў мяне няма негатыўнага ці скептычнага стаўлення да прафесіі, як у некаторых больш дасведчаных журналістаў. Яны кажуць, што СМІ цяпер не давяраюць, больш даверу да прапаганды. У мяне такога адчування няма, я разумею, як правяраць інфармацыю і каму верыць.

    «Залётныя» людзі ў журналістыцы выконваюць сваю канкрэтную задачу: зарабіць грошы, атрымаць папулярнасць, засунуць нейкую ідэю ў галаву сваёй аўдыторыі. Толькі класічныя СМІ прафесійна даносяць інфармацыю да аўдыторыі і распавядаюць ёй, што насамрэч адбываецца, але не блогеры (за рэдкімі выключэннямі). Менавіта таму склалася сітуацыя адсутнасці даверу да медыяў.

    У мяне няма расчаравання журналістыкай, наадварот, на маю думку, яна перажывае свой росквіт. Адзіная праблема, што грошай на яе няма, але час вельмі багаты на падзеі — мы на свае вочы бачым, як змяняецца свет.

    25 сутак на Акрэсціна і ў Баранавічах для кінакрытыка — гутарка з Тарасам Тарналіцкім

    «Пасля падзей 2020 года роля БАЖ змянілася ў пазітыўны бок»

    — БАЖ узору 2015 і ўзору 2025 гадоў – як змянілася арганізацыя за дзесяць гадоў вашага знаёмства?

    — Я не моцна паглыблены ў працу арганізацыі — ні тады, ні цяпер.

    Але калі глядзець збоку, то, мне здаецца, сітуацыя пасля 2020 года зблізіла саму арганізацыю з медыярынкам, з журналістамі. У цяперашняй сітуацыі неабходна больш камунікаваць, каб вырашаць канкрэтныя задачы, забяспечваць бяспеку і аказваць дапамогу. Раней такога запыту не было.

    За апошнія пяць гадоў усё змянілася, і зараз БАЖ грае значна большую ролю ў жыцці журналістаў. Прынамсі, чальцы самой арганізацыі спрабуюць гэта рабіць — і гэта заўважна.

    Для мяне відавочна, што роля БАЖ пасля падзей 2020 года змянілася ў пазітыўны бок.

    «Я звяртаўся ў БАЖ са скаргай на пірацтва»

    — Недзе ў 2020 годзе я падаваў заяву ў Камісію па этыцы БАЖ. Падчас пратэстаў у сеціва злілі фільм «Купала», яго апублікавалі тэлеграм-каналы «Мотолько помоги» і «Беларусь головного мозга». Памятаю, тады я звяртаўся ў БАЖ са скаргай на пірацтва, якую Камісія па этыцы і разглядала.

    Гэта быў новы вопыт для мяне. Ты не столькі апісваеш падзею, колькі яе ствараеш, спрабуеш паўплываць на этычны бок працы сваіх калег. Відаць, гэта быў найбольш яскравы вопыт майго ўзаемадзеяння з Асацыяцыяй.

    Камісія тады прыняла пазітыўнае рашэнне для мяне, прызнаўшы, што гэта была неправамерная публікацыя пірацкага кантэнту.

    Праўда, зараз тая Камісія па этыцы БАЖ вымушана не працуе. Але на гэтым полі з’явілася Рада па медыяэтыцы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці