Telegram-канал «BGmedia: новости – 2024» абвясцілі «экстрэмісцкім»
4 верасня на сайце Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіўся Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Фота: БАЖ
У яго ўключылі Telegram-канал «Брестской газеты» з назовам «BGmedia:новости – 2024» і ідэнтыфікатарам https://t.me/BGazeta. Рашэнне аб прызнанні гэтага рэсурса «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» 2 верасня прыняў суд Ленінскага раёна Брэста.
Telegram-канал мае 858 падпісчыкаў, там размяшчаецца інфармацыя пра навіны Брэста, усёй Беларусі і света. Ён звязаны з сайтам https://bgmedia.site, які быў таксама абвешчаны «экстрэмісцкім» паводле рашэння таго ж суда ад 15 студзеня гэтага года. Прычым гэта была ўжо другая спроба праз суд абвясціць інтэрнэт-рэсурс «па-за законам»: 26 лістападa 2021 года сайт «Брестской газеты», які тады меў ідэнтыфікатар b‑g.by, ужо прызнавалі «экстрэмісцкім».
5 лютага той самы суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй старонку «BG.Media» у сацыяльнай сетцы Х. 14 сакавіка суддзя Ленінскага раёна Брэста Андрэй Канючка прыняў рашэнне лічыць Instagram-акаўнт bg.live_365 «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». 28 сакавіка суддзя суда Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці Андрэй Васілюк пастанавіў прызнаць «экстрэмісцкім» YouTube-канал #VideoBGLive.
28 лютага 2023 года КДБ Беларусі абвесціў «Брестскую газету» «экстрэмісцкім фарміраваннем», забараніўшы такім чынам дзейнасць у краіне праз пагрозу крымінальнага пераследу.
