Telegram-канал з трыма падпісчыкамі прызналі «экстрэмісцкім». Яшчэ раніцай іх было два
На сайце Мінінфармацыі ў абноўленым 18 траўня Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў з’явіўся Telegram-канал «Андрэй Бука. Думкі ўслых», а таксама Telegram-бот @Dumkiuslyhbot.
Адпаведнае рашэнне 15 траўня прыняў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска.
Згаданы вышэй Telegram-канал (з ідэнтыфікатарам t.me/andrejbukadumki) на 18 траўня мае ўсяго трох падпісчыкаў (на момант падрыхтоўкі матэрыялу іх было два :), а кантэнт у ім не абнаўляўся з 24 лютага 2023 года.
У назве рэсурсу, змест якога прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй, згадваецца імя Андрэя Букі, журналіста і грамадскага актывіста з Шаркаўшчыны. Летась 16 сакавіка суд Шаркаўшчыны і Шаркаўшчынскага раёна ў асобе суддзі Аксаны Табола абвінаваціў яго ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах паводле артыкула 24.23 КаАП і аштрафаваў на 30 базавых велічынь (1110 рублёў). Падставай для адміністрацыйнага пераследу стала аватарка ў сацыяльнай сетцы Facebook — міліцыянты ўбачылі на ёй выяву бела-чырвона-белага сцяга. Гэта фотаздымак Андрэй Бука размясціў у сацыяльнай сетцы яшчэ за некалькі гадоў да таго.