Тэлевядучая Кустава расказала, чаму сілавікі хацелі яе арыштаваць
Валярына Кустава зьехала зь Беларусі, на яе завялі прынамсі дзьве крымінальныя справы. Цяпер паэтка і тэлевядоўца ў Варшаве. У інтэрвію Свабодзе яна расказала, што стала фармальнай прычынай для перасьледу і як сілавікі няўдала спрабавалі яе затрымаць.
Трэцяга чэрвеня Валярына Кустава напісала ў Facebook, што да яе ў кватэру ломяцца невядомыя. Пасьля гэтага сувязь з Куставай зьнікла, але пазьней высьветлілася, што яе ў кватэры не было.
«Усё сур’ёзна, як у страшнай казцы, якая называецца Беларусь»
«Прыехаў чорны бусік і прыйшло сем асобаў у цывільным. Па папярэдніх сьведчаньнях, гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіК. На шчасьце, я літаральна на паўгадзіны выйшла з хаты, і мне паведамілі, што ў маю кватэру ломяцца. На жаль, я не магу назваць імёны сяброў, якія дапамаглі і эвакуавалі палеткамі-лясамі, некалькі сутак вывозілі. Кожны зь іх дапамог мне на 3–5 гадоў ня трапіць за краты. Але думаю, што столькі ня будзе. Я зьбіраюся вярнуцца ў самы бліжэйшы час, бо веру, што гэта ўсё зьменіцца, і буду са свайго боку рабіць усё, каб гэта хутчэй зьмянілася».
Адначасова з вобшукам у кватэры сілавікі прыйшлі і на афіцыйную працу Куставай, дзе яна ў дэкрэце. Таксама прыйшлі да бацькоў. У кватэры самой тэлевядоўцы сілавікі знаходзіліся суткі.
«Цяпер кватэра апячатаная, хоць яна нават не зьяўляецца маёй уласнасьцю. Дакладна ведаю, што вынесьлі ўсю тэхніку, бо спрабавалі ўзламаць мае акаўнты. Я на дадзены момант нават ня ведаю, што адбываецца ў кватэры, што з маімі рэчамі, дакумэнтамі. Туды немагчыма трапіць. Апытвалі маіх суседзяў, правяралі іх тэлефоны, пільнавалі на месцы. То бок усё сур’ёзна, як у страшнай казцы, якая называецца Беларусь».
Зь Беларусі Кустава выяжджала два дні. Падрабязнасьці маршруту яна ня хоча агучваць, бо «ім ня раз трэба будзе скарыстацца і іншым». Выяжджаючы, яна пакінула ў Беларусі двухгадовую дачку.
Пазаўчора яе прывезьлі ў Польшчу да мамы. Як кажа Валярына Кустава, гэта было няпроста, яе выпусьцілі з краіны ня зь першага разу.
«Цяпер больш людзей задзейнічана ў салідарнасьці, чым раней выходзіла на вуліцы»
Паводле інфармацыі адвакаткі, Куставу вінавацяць паводле некалькіх крымінальных артыкулаў: 342, які датычыць арганізацыі і фінансаваньня пратэстаў, і 243 — нявыплата падаткаў за фінансаваньне пратэстаў.
Гэта няпоўны сьпіс, бо адвакатку пакуль не дапусьцілі да азнаямленьня са справай. Сказалі, што яна на дапрацоўцы ў Сьледчым камітэце.
Тэлевядоўца лічыць, што перасьлед яе зьвязаны зь яе адкрытай пазыцыяй наконт сытуацыі ў краіне, але найперш з прафэсійнай дзейнасьцю. На тэлеканале «Белсат» Кустава вяла праграму «Беларус беларусу», у межах якой гледачы дапамагалі сем’ям палітвязьняў.
«Зь фінансаваньнем пратэстаў наша праграма ніяк не зьвязаная. Мы расказвалі гісторыі людзей, якія пацярпелі за свабоду. Яны гаварылі пра свае мары, жаданьні, чаго ім цяпер нестае ў жыцьці. А пасьля гледачы і проста неабыякавыя беларусы зьвярталіся да іх і як маглі дапамагалі і зьдзяйсьнялі іхныя мары. Для сына Волі і Паўла Севярынцаў мы знайшлі выдатную няньку, якая дапамагае Волечцы. Мы зьдзейсьнілі мару сям’і з Мастоў, у якой мужа і шматдзетнага тату пасадзілі за тое, што ён разьвесіў выявы міліцыянтаў у горадзе. Людзі, як маглі, дапамагалі, рэчамі, тэхнікай і ажыцьцяўленьнем жаданьняў. Для рэжыму настолькі страшная нашая салідарнасьць, якая нікуды не зьнікае, што ўсе магчымыя крокі дзеля падтрымкі нацыі яны спрабуюць спыніць. А мы ж агучваем яшчэ ня ўсё. Беларускія пратэсты сышлі ў падпольле, але ня сталі меншымі. Як чалавек, які бачыў маштабы гэтай салідарнасьці ў межах праграмы, я магу гэта сьцьвярджаць: магчыма, цяпер больш людзей задзейнічана ў салідарнасьці, чым раней было на вуліцах».
«Лепей гэта зробім мы, чым потым рабіць нашым дзецям»
Чым дакладна яна будзе займацца ў Варшаве, Валярына Кустава пакуль ня ведае. У любым выпадку гэта будзе нешта, што «набліжае зьмены ў Беларусі».
«Пакуль галоўным пытаньнем было, што есьці і дзе начаваць. Але я ўпэўненая, што калегі і сябры дапамогуць, бо як іначай. Беларус беларусу — гэта любоў, падтрымка і дапамога. І перамога. Павінна быць супольная праца, як зьнешняга ўзьдзеяньня, так і ўнутранай моцы. Прагнозы рабіць ня варта, бо яны расчароўваюць. Але відавочна, што як было да 2020, так ужо ніколі ня будзе. Галоўная рэвалюцыя адбылася — гэта рэвалюцыя ў галовах беларусаў. Мы зрабіліся нацыяй. Цяпер засталася невялікая адлегласьць, каб зрабіцца вольнай нацыяй».
Валярына Кустава не пагаджаецца з пэсымістычнымі ацэнкамі, што пратэсты ў Беларусі нічога не далі. На яе думку, пратэсты ў краіне згуртавалі людзей і «зрабілі нас тымі, якія мы ёсьць».
«Для мяне найвялікшым антыдэпрэсантам было дзеяньне. Чым больш я дапамагала людзям, чым больш магла штосьці рабіць, тым лягчэй мне было пераносіць гэтую рэчаіснасьць. Калі ствараеш і набліжаеш будучыню, то гэта дае палёгку і зьнішчае дэпрэсію. Расчараваньне — гэта апошнія хмары перад сьвітаньнем. Так, нам будзе цяжка, але ніхто не абяцаў, што будзе лёгка. І лепш гэта зробім мы, чым гэта пасьля рабіць нашым дзецям. Кожны павінен рабіць на сваім месцы тое, што ён можа, і дапамагчы хаця б той справай, якой ён валодае. Калі пісьменьнік — пішы пра свабоду. Лекар — дапамагай тым, хто пацярпеў за свабоду. Сантэхнік — зрабі бясплатна тым, хто пацярпеў за свабоду. Адзін мой герой, таксіст, вывез з „сафары ў Курапатах“ каля двух дзясяткаў чалавек. Кожны на сваім месцы хай робіць хоць нешта. І гэта спрацуе таксама».