Тэлезорка Каця Пытлева нарадзіла двойню
Вядомая тэле- і радыёвядучая Кацярына Пытлева нарадзіла двойню — пры гэтым яны блізняты і рознага полу. Гэтай цудоўнай навіной Кацярына падзялілася ў сваім Facebook.
«Адбылося! Гадзіну таму мы з Aляксеем сталі шчаслівымі бацькамі двайнят:) Цудоўнага хлопчыка Яна і дзяўчынкі Міры! Дзякуй Сусвету і дактарам «Маці і дзіця» за гэты цуд:) а яшчэ новаспечаным бабулі і дзядулі за дапамогу на ўсіх этапах! Цяпер я дакладна ведаю, што ніколі нельга апускаць рукі, а цуды дзесьці побач з адчаем, — падзялілася эмоцыямі Кацярына.
Допіс пра «апусканне рук» прысутнічае не дарма — сям’я доўга не магла завесці дзіця. З‑за заняткаў дзюдо Кацярына мела неасцярожнасць часта сядзець на халоднай падлозе, што пасля адбілася на здароўі. Пра няўдалыя спробы зацяжарыць Кацярына расказвала сайту kp.by.
Пасля некалькіх няўдалых сробаў сям’я вырашыла правесці працэдуру ЭКА. Па словах тэлевядучай, такая працэдура ў Беларусі каштуе сем’ям ад 2 да 5 тысяч даляраў. У выніку пад пільнай увагай дактароў у сям’і нарадзілася двойня!
Кацярына Пытлева — спявачка, рэжысёр кліпаў, аўтарка музыкі і тэкстаў, вядучая тэле- і радыёпраграм. Нарадзілася ў 1983 у Мінску, скончыла біялагічны факультэт БДУ. Лідар і вакалістка гурту «Клёндайк». Працавала ў шматлікіх беларускіх і замежных медыя, а цяпер з’яўляецца вядучай жывога эфіру Radius FM.