TГ-каналы DOXA і «Katolik_life. Неафiцыйнае» — у «экстрэмісцкім» спісе
3 верасня на сайце Мінінстэрства інфармацыі чарговы раз абнавілі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Сярод іншага, у яго ўключылі Telegram-канал «Katolik_life. Неафiцыйнае» з ідэнтыфікатарам https://t.me/katolik_life. Адпаведнае рашэнне 30 жніўня прыняў суд Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.
Гэта Telegram-канал інфармацына-асветніцкага праекта, дзе асвятляюцца каталіцкія навіны Беларусі і свету, сацыяльныя і грамадска важныя тэмы ў святле хрысціянства. Ён афіляваны з сайтам Katolik.life , доступ да якога на тэрыторыі Беларусі абмежаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі.
Праект з’яўляецца прыватнай дабрачыннай ініцыятывай, аўтар кантэнту не мае адмысловага фінансавання. Але рэсурсы праекта карыстаюцца папулярнасцю, многія публікацыі з яго перадрукоўваюць іншыя СМІ.
Паводле рашэння суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ад 30 жніўня экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызнаны кантэнт Telegram-канала DOXA з ідэнтыфікатарам https://t.me/doxajournal. Ён прэзентуе сябе як «незалежнае медыя супраць вайны, дыктатуры і няроўнасці», на канал падпісаны больш за 41 тысячу чалавек.
У абноўленым спісе Мінінфрма ўжо другі раз згадана старонка ў TikTok, прысвечаная навінам Гродзеншчыны і ўсёй Беларусі. Паводле апошняй рэдакцыі Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, яна мае назву
grodnanews і ідэнтыфікатар @grodnanews. Змест гэтай старонкі прызнаны «экстрэмісцкім» паводле рашэння суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ад 30 жніўня.
На два дні раней, 28 жніўня, старонку ў TikTok з назвай «Навiны Гродна i вобласцi» і такім самым ідэнтыфікатарам ужо прызнаваў «экстрэмісцкай» суд Цэнтральнага раёна Мінска.
