Топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле Еўрарадыё
Гэты год выдаўся ўраджайным на кнігі. Мы сабралі для вас самыя гучныя навінкі кнігавыдаўцоў: пра Беларусь, па-беларуску, для беларусаў. Хапіла б толькі часу гэта ўсё прачытаць!
Кнігалюбы ведаюць, што некаторымі выданнямі трэба проста валодаць — каб ганарліва паказваць гасцям і перадаваць нашчадкам. Такія кнігі мы таксама згадалі.
Вось топ-10 кніжных навінак 2024 года ад беларускіх выдавецтваў паводле версіі Еўрарадыё.
“Сказаць жыццю “так”, Віктар Франкль
Беларуская літаратура ў 2024‑м папоўнілася перакладамі сусветных бэстсэлераў, але гэты — найважнейшы. Ён выйшаў у выдавецтве “Тэхналогія”. Гэта знакамітая кніга псіхолага, які прайшоў праз нацысцкі канцлагер, — чытво, актуальнае ва ўсе часы і ў розных жыццёвых сітуацыях. Як пераадолець нягоды, якія, здаецца, немагчыма перажыць — і не страціць сэнс жыцця? Кніга, якую варта перачытываць або проста мець дома як напамін пра тое, што жыццё працягваецца.
“Мое баба — діректор морга”, Голя з Ополя
Беларуска Вольга, што жыве цяпер у Новай Зеландыі, напісала кніжку пра бабулю і свае ўспаміны пра родную вёску Опаль на Палессі, у Іванаўскім раёне. І сама ж яе і выдала.
На дзвюх мовах. Англійскай — каб хаця б паспрабаваць патлумачыць замежнікам, адкуль яна і што такое Палессе, і на сваёй, бабінай, паляшуцкай мове.
Кранальная гісторыя, якую мог бы напісаць кожны з нас, прасякнутая любоўю, іроніяй і адказамі на тое, чаму мы — вось такія, якія ёсць.
“Валадар пярсцёнкаў”, Дж. Р. Р. Толкін
Нарэшце ўсе тры кнігі сусветнай класікі выдадзеныя па-беларуску. Варта пачытаць або перачытаць нават дзеля таго, каб уявіць сабе ўвесь гэты фэнтезійны шматгранны сусвет па-беларуску.
“Огромная тень дождевого червя”, Павел Валатовіч, Аляксей Кавалёў
Цудоўнае калекцыйнае выданне: біяграфія гурта “Нейра Дзюбель”, расказаная непасрэднымі сведкамі падзей, пра якія ідзе гаворка. Увесь шлях ад аматараў да культавага рок-гурта праілюстраваны рэдкімі фотаздымкамі, якіх ніхто яшчэ не бачыў. Захапляльнае чытво пра музыкальную з’яву, якая стала часткай сучаснай гісторыі Беларусі.
#IMBY, Том 1, Павел Валатовіч
Найноўшая гісторыя Беларусі праз уласныя ўспаміны аўтара. У кароткім энцыклапедычным фармаце пералічаныя галоўныя падзеі, якім цяперашнія 30+-гадовыя былі сведкамі.
Артыкулы ў газетах, спартыўныя матчы, канцэрты, мітынгі, грошы, улёткі… Можна бясконца гартаць, успамінаць, пераказваць моладзі ці іншаземцам — і збіраць з уласных пазлаў-успамінаў і тых, што ў кнізе, свой адказ на пытанне, што такое Беларусь.
“Соня, стой”, Саша Гук
Якасны беларускі young adult — не такая ўжо і распаўсюджаная з’ява ў беларускай літаратуры. Гісторыя пра падлетка, ад асобы падлетка, пра ягоныя перажыванні, праблемы…
Сяброўства, каханне, боль — і сутыкненне ўнутранага свету з тым, што адбываецца навокал. Хто-небудзь калі-небудзь увогуле пытаў у сваіх дзяцей, як яны перажылі 2020‑ы?
Ну вось, можна пачытаць. Або падарыць кнігу сваім падлеткам і даць ім магчымасць адрэфлексаваць.
“Капітан Лятучая Рыба”, Альгерд Бахарэвіч
Сучасны класік выступіў з лёгкім захапляльным прыгодніцкім раманам, які прыдасца як падлеткам, так і дарослым — як піша сам аўтар, да 140 гадоў.
Гэта кніга, якая ўпісвае Беларусь у сусветную геаграфію. Шмат падарожжаў, смачнай ежы і аповедаў пра Беларусь. З ілюстрацыямі Лявона Вольскага — ну проста знаходка, а не кніга!
“Самы цымус”, Алесь Белы
Кніга адначасова і пра беларускую, і пра габрэйскую кухню, напісаная гісторыкам. Крупнік і дранікі, бабка і зуброўка — чые гэта стравы і ў чым іх сакрэты? Нешта сярэдняе паміж кулінарнай кнігай і захапляльным гістарычным нон-фікшнам — дакладна варта мець дома.
“Ці помніш ты”, Міхал Анемпадыстаў
“Стыль 1990‑х для беларускага кола быў зададзены Міхалам Анемпадыставым”, — так піша пра мастака ў анатацыі да кнігі выдавецтва “Логвінаў”. Шматгранны, апантаны Беларуссю чалавек, ён пайшоў з жыцця ў 2018 годзе, але калі чытаеш яго вершы сёння, падаецца, што ён расказвае пра падзеі і адчуванні нашага дня. Гэты зборнік вершаў прымеркаваны да 60-годдзя славутага беларуса.
“Эвридика, проверь, выключила ли ты газ”, Таццяна Заміроўская
Беларуская журналістка і музычны крытык Таццяна Заміроўская нарэшце дала сабе права і волю падзяліцца дзённікавымі запісамі, успамінамі, назіраннямі пра тую Беларусь, якую яна перажывала. І дома, і ў эміграцыі ў Нью-Ёрку.
Кніга вельмі музыкальная, у нейкім сэнсе нават інтымная — пра страты і знаходкі, пра тое, у чым сабе складана прызнацца, і пра вечны пошук сябе-беларуса і Беларусі ў гэтым свеце. Глыбокі і шчыры прыклад беларускага аўтафікшну.