Трэнінг у Магілёве: БАЖаўцы вучыліся працаваць у сацыяльных сетках і блогах
У Магілёве адбыўся адмысловы трэнінг, падчас якога БАЖаўцы з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны, Гомеля і Глыбокага вучыліся працаваць у сацыяльных сетках і блогах, засвойвалі навыкі па стварэнні лангрыдаў, знаёміліся з інструментамі для паляпшэння якасці ўласнай працы.
Трэнінг праходзіў 10–11 жніўня і выклікаў вялікую цікавасць сярод рэгіянальных журналістаў і блогераў, паўдзельнічаць у ім сабралася амаль тры дзясяткі чалавек.
Трэнерамі выступілі маладыя беларускія журналісты Франак Вячорка і Антон Сурапін, і папрацаваць ім давялося даволі шмат.
Многія з рэгіянальных журналістаў — людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту, якія доўгі час працавалі ў друкаваных папяровых выданнях, таму трэнерам давялося “раскладаць па палічках” асаблівасці працы ў сучасных інтэрнэт-медыя і сацыяльных сетках, падрабязна распавядаць пра праграмы, якія змогуць дапамагчы пры стварэнні ўласнага кантэнту.
“Я прафесійны відэааператар, але многія нюансы папросту не ведаў, — кажа магілёўскі журналіст Яўген Глушкоў. — На трэнінгу я даведаўся, як можна проста змантаваць якасны відэаролік з тытрамі практычна на любым смартфоне. Хачу выказаць сваю падзяку Францішку Вячорку і Антону Сурапіну за добры трэнінг”.
Многія ўдзельнікі мерапрыемства адзначылі, што дзякуючы трэнінгу яны змаглі не толькі набыць новыя веды, але і здолелі пакамунікаваць паміж сабой, абмеркаваць агульныя праблемы. Журналістам з рэгіёнаў даволі рэдка выпадае магчымасць для непасрэдных асабістых стасункаў.
“Мы не так часта збіраемся разам, а тут была выдатная магчымасць паразмаўляць з калегамі, — зазначыла галоўны рэдактар горацкай газеты “Узгорак” Галіна Будная. – А гэта таксама вельмі важна. І сам трэнінг спадабаўся, атрымала шмат карыснай інфармацыі, буду выкарыстоўваць яе падчас сваёй працы. Дзякуй БАЖу і арганізатарам за цікавае мерапрыемства”.