Трое гомельскіх журналістаў-фрылансераў звярнуліся да генеральнага пракурора
Трое журналістаў-фрылансераў з Гомеля – Наталля Крывашэй, Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі – спрабуюць аспрэчыць у Генеральнай пракуратуры буйныя штрафы, вынесеныя на падставе міліцэйскіх пратаколаў раённымі судамі Гомельскай вобласці за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”. Яны накіравалі генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку скаргі.

Наталля Крывашэй і Кастусь Жукоўскі атрымалі сёлета дыпломы «За адданасць прафесіі» ад Гомельскай філіі ГА «БАЖ»

Ларыса Шчыракова. Фота svaboda.org
Наталля сёлета павінна сплаціць у бюджэт 24,3 млн. рублёў, Ларыса – 3,6 млн., а Кастусь – 31,5 млн.
Дапамагаў рыхтаваць скаргі гомельскі праваабаронца, юрыдычны кансультант ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Леанід Судаленка. Ён лічыць, што ў справах незалежных журналістаў суддзі ўзялі на сябе адказнасць за невыкананне артыкулаў 23 і 34 Канстытуцыі і артыкула 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларуссю.
Судовыя пастановы выносілі сёлета суддзі Рагачоўскага раёна Аляксандр Крайнікаў, Буда-Кашалёўскага раёна Уладзімір Пракапенка, Гомельскага раёна Аляксандр Лісоўскі, Цэнтральнага раёна Гомеля Аксана Осіпава, Марына Дамненка і Віктар Казачок, Чыгуначнага раёна – Мікалай Бакуноў.
Не ўбачылі парушэнняў пры вынясенні штрафаў фрылансерам старшыня Гомельскага абласнога суда Сяргей Шаўцоў, суддзі Васіль Бягун, Анатоль Сотнікаў, Мікалай Доля, а таксама намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Руслан Аніскевіч.
Ад рэакцыі Генеральнай пракуратуры на скаргі залежыць, ці будуць аштрафаваныя гомельскія журналісты-фрылансеры падаваць заявы ў Камітэт ААН па правах чалавека.
