Тры фільмы «Белсату» трапілі ў конкурс першага фэсту «Narewka Dok»
Першы фэст дакументальных фільмаў і кінарэпартажаў «Narewka Dok» пройдзе ў Нараўцы на Падляшшы 24–26 кастрычніка. У конкурсную праграму трапілі тры стужкі «Белсату».

Кадр фільму «Беларускі едуць на Падляшша» – удзельніка фэсту «Narewka Dok»
Фэст «Narewka Dok» названы ў гонар Тамары Саланевіч – рэжысёркі і рэпарцёркі, якая атрымоўвала ўзнагароды за свае дакументальныя працы. У гэтых работах яна часта даследавала цяжкасці звычайных людзей, якія жывуць у вёсках Падляшша.
Імпрэза адбудзецца ў вёсцы Нараўцы 24–26 кастрычніка. У конкурсную праграму ўзялі 14 фільмаў, тры з іх – «Белсату».
«Беларускі едуць на Падляшша» рэжысёра Арцёма Лобача расказвае пра беларусак, якія жывуць у эміграцыі і пастанаўляюць выправіцца ў падарожжа на Падляшша, каб пазнаёміцца з культурай тамтэйшых беларусаў. Вынікам вандроўкі зрабілася арганізацыя традыцыйнага, паганскага Купалля на беразе Віслы ў Варшаве.
Другі фільм «Белсату» на фэсце – «Наша памяць» рэжысёра Юрыя Каліны. Так называецца ініцыятыва, што паўстала ў Беластоку. Яе дзейнасць пачалася з дакументавання месцаў памяці з самым трагічным лёсам: беларускіх вёсак, «пацыфікаваных» так званай 3‑й Віленскай брыгадай Нацыянальнага вайсковага задзіночання пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры).
У фільме выкарыстаныя архіўныя матэрыялы з паломніцтваў, эксгумацыяў, палявых экспедыцыяў, з выставы ў Гайнаўцы і Маршу «выклятых жаўнераў», іканаграфія з рэсурсаў Інстытуту нацыянальнай памяці, а таксама візіту прэзідэнта Анджэя Дуды ў Заляшаны ў 2021 годзе. На патрэбы фільму на шкле створаныя малюнкі пяском, якія ілюструюць гістарычныя падзеі на Беласточчыне ў студзені і лютым 1946 года.

Кадр фільму «Інга» – удзельніка фэсту «Narewka Dok»
Яшчэ адзін фільм – «Інга» рэжысёра Кшыштафа Капчыньскага – раскажа гісторыю 5‑гадовай дзяўчынкі, якая разам з невідушчымі бацькамі ўцякае з Украіны ў Варшаву, дзе нарадзіўся ейны брат.
У праграме фэсту дакументальных фільмаў і кінарэпартажаў «Narewka Dok» – не толькі ўласна кінапаказы, запланаваныя яшчэ майстар-класы, лекцыя і выступ гурта «Wasiloczki».
