Турма на радзіме, пагрозы ў выгнанні. Дзе журналістам шукаць бяспеку?
У Вільні 2 траўня прайшоў форум «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». Сустрэчу арганізавалі БАЖ, Літоўскі саюз журналістаў і Савет Еўропы. Адна з панэляў мерапрыемства прысвячалася бяспецы беларускіх журналістаў.

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі беларускімі журналістамі падчас адкрыцця форуму «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». 2 траўня 2025 года. Фота: БАЖ
Алег Агееў: У Беларусі затрымліваецца больш журналістаў, чым дзе ў свеце
Галоўная пагроза для журналістаў, якія яшчэ застаюцца ў Беларусі, — адвольныя затрыманні, якія цягнуць за сабой верагоднасць катаванняў. Пра гэта 2 траўня на форуме «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ» заявіў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, кіраўнік Прававога цэнтра Алег Агееў.
— Катаванні — гэта і стварэнне адмысловых умоў адбыцця пакарання, і фактычны гвалт падчас затрымання, знаходжання за кратамі. Да нас даходзіць інфармацыя, што спецслужбы Лукашэнкі ствараюць рэжым інкамунікада ў дачыненні да тых, хто знаходзіцца ў зняволенні. З некаторымі палітвязнямі год-паўтара няма сувязі, нават лісты ад сваякоў не даходзяць, — падкрэсліў Алег Агееў.
Ледзь не ўсіх журналістаў за кратамі ўносяць у спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Гэты статус ускладняе рэжым адбыцця адміністрацыйнага арышту ці крымінальнага пакарання, а пасля вызвалення — не дае весці нармальнае жыццё ў краіне.

Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў распавядае пра пераслед беларускіх журналістаў. 2 траўня 2025 года, Вільня. Фота: БАЖ
— Калі вы журналіст у Беларусі, то, хутчэй за ўсё, да вас раз на год (бывае і часцей) прыйдуць з вобшукам, выклічуць на допыт на так званыя «гутаркі». Адпаведна, аказваецца ціск на вашых сваякоў, пастаянна ходзяць па суседзях — гэта паўсядзённасць рэпарцёраў, якія засталіся ўнутры краіны, — канстатаваў юрыст.
Рызыкі для незалежных журналістаў захоўваюцца нават пасля выезду з Беларусі — прамыя і апасродкаваныя. І адна з галоўных пагроз — завочныя крымінальныя суды.
— Завочная крымінальная справа цягне за сабой, як правіла, абвяшчэнне ў міжнародны крымінальны вышук. Гэта арышт маёмасці, у тым ліку нерухомай, унутры краіны. І гэта па-ранейшаму ціск на сваякоў, сяброў, знаёмых, — патлумачыў Алег Агееў.
Рэжым Лукашэнкі спрабуе ўздзейнічаць на журналістаў і ў Беларусі, і па-за яе межамі:
— Беларускія спецслужбы спрабуюць вербаваць журналістаў (у тым ліку тых, хто выехаў) нават дыстанцыйна: праз пагрозы ўзбуджэння крымінальных спраў, вобшукаў, затрымання сваякоў. З такой рэчаіснасцю сутыкаюцца медыйшчыкі, якія выехалі і працягваюць працаваць у СМІ, — дадаў праваабаронца.
У самой Беларусі ўжо амаль не засталося незалежных медыяў, якія асвятляюць грамадска-палітычную праблематыку. На сёння больш за 40 прадстаўнікоў медыясферы знаходзяцца за кратамі ў беларускіх турмах.
«Рэпарцёры без межаў» вядуць маніторынг журналістаў свету, якія знаходзяцца ў зняволенні. Беларусь здаўна займае лідарскія пазіцыі і не апускаецца ніжэй за 3–4 месцы. Вядома, у абсалютных лічбах больш за ўсё прадстаўнікоў рэдакцый арыштоўваюць у такіх вялікіх краінах, як Кітай ці М’янма. Але ў разліку на колькасць насельніцтва рэжым Лукаўшэнкі затрымлівае больш медыйшчыкаў, чым хто іншы ў свеце.
— Такая рэчаіснасць абцяжарваецца тым, што ўнутры краіны фактычна адсутнічаюць эфектыўныя механізмы абароны правоў. Суды, пракуратура, праваахоўныя органы даўно сталі звёнамі рэпрэсіўнай машыны, — адзначыў Алег Агееў. — Змагацца з пагрозамі мы можам і праз салідарнасць, і ажыццяўляючы ціск на ўлады і патрабуючы вызвалення нашых калег. Мы не забываемся пра людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні толькі за тое, што яны працавалі журналістамі.
Андрэй Рыхтэр: Што рабіць з журналістамі ў выгнанні?
Былы старшы дарадца і дырэктар офіса Прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ ў Вене, а цяпер эксперт Рады Еўропы Андрэй Рыхтэр падкрэсліў, што праблема журналістаў у выгнанні вельмі востра стаіць перад еўрапейскімі інстытуцыямі. Зараз за межы сваіх краін масава выязджаюць рэпарцёры не толькі Беларусі, але і Украіны, Расіі, Турэччыны, Афганістана. Вялікае пытанне: што рабіць з імі?
Сам Андрэй Рыхтэр нарадзіўся і вырас у Харкаве, шмат гадоў узначальваў адну з кафедраў журфака Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, 11 гадоў працаваў у АБСЕ. За гэты час ён атрымаў грамадзянства Аўстрыі і цяпер працуе ў Славаччыне.

Андрэй Рыхтэр задаецца пытаннем: што рабіць з журналістамі ў выгнанні? 2 траўня 2025 года. Фота: БАЖ
— Журналісты ўцякаюць з радзімы ў краіны, дзе хочуць знайсці бяспеку. Але пагрозы ідуць следам за імі. Небяспека не толькі для сем’яў, якія застаюцца на радзіме, але і для іх саміх тут. За медыйшчыкамі сочаць, на іх ладзяць атакі ў лічбавай прасторы, ім пагражаюць завочнымі судамі. Апошняе — вельмі папулярны інструмент у беларускіх, расійскіх уладаў, калі ўзбуджаюцца крымінальныя справы за самыя розныя крымінальныя парушэнні: крадзёж, службовыя парушэнні, «экстрэмізм».
Аднак часта дыктатарскія рэжымы выкарыстоўваюць не толькі сучасныя тэхналогіі для пераследу няўгодных, але і кіруюцца старымі метадамі — распраўляюцца з палітычнымі праціўнікамі фізічна.
— Маштаб фізічных пагроз разлічыць вельмі цяжка. Цягам апошніх гадоў у бяспечнай Еўропе былі фізічныя напады на журналістаў, а некаторых труцілі. Гэтыя праблемы знаходзяцца ў фокусе міжнародных арганізацый, — адзначае эксперт.
Андрэй Рыхтэр нагадаў, што практыка выкраданняў журналістаў, якая доўгі час лічылася «візітоўкай» краін Лацінскай Амерыкі, перакачавала і ў Еўропу:
— У некаторых краінах Еўропы, у прыватнасці ва Украіне, медыйшчыкаў выкрадаюць на акупаваных тэрыторыях, ніхто не можа адсачыць, што адбываецца. Пытанне зніклых рэпарцёраў заўсёды было сур’ёзнай праблемай, цяпер яна прыйшла і ў Еўропу. Найбольш яскравае сведчанне таму — выпадак з закатаванай у расійскім палоне ўкраінскай журналісткай Вікторыяй Рошчынай.
Бяда ў тым, што ААН мае канвенцыю аб асобах, якія зазналі гвалтоўнае знікненне. А вось у Раду Еўропы не ўваходзяць ні Расія, ні Беларусь. Адпаведна, міжнародная супольнасць не мае і механізмаў уплыву на палітычныя рэжымы ў Мінску і ў Маскве.
