«Tutaka 2025 — лепшая нагода, каб зразумець сучаснае месца беларускай культуры і грамадства»
Пра тое, чым будзе асаблівая Tutaka-2025, «Радыё Рацыя» пагутарыла з арганізатарам фестывалю Tutaka і кіраўніком аднайменнага фонду Паўлам Станкевічам.

Павел Станкевіч. Фота: «Радыё Рацыя»
У Беластоку прэзентавалі праграму пятага фестывалю Tutaka — падзеі, якая стала важным цэнтрам прыцягнення для сучаснай беларускай культуры, грамадзянскай супольнасці і актыўных людзей з розных краін. Арганізатары абяцаюць насычаную праграму з канцэртамі, кінапаказамі, адукацыйнымі мерапрыемствамі і прасторай для дыялогу — усё пад дэвізам «Салідарнасць і творчасць».
У гэтым годзе Tutaka адбудзецца на паляне Барык з 10 па 13 ліпеня, і, як заўсёды, будзе месца не толькі для мастацтва, але і для свабоды.
РР: Раскажыце, калі ласка, пра фестываль “Тутака”. Як ён рыхтуецца і з якім настроем чакаеце першых фестывальных дзён?
Павел Станкевіч: Чаму варта прыехаць на фестываль «Тутака»?
На фестывалі праз тры дні зайграюць 10 гуртоў, ёсць малая сцэна, на якой выступяць больш за 10 гуртоў. Дадаткова маем шмат розных іншых падзей, як дыскусіі, лекцыі, майстар-класы ды іншыя розныя актыўнасці. Агулам будзе 52 падзеі.
Мне падаецца, што так насычана праграма, каб збольшага зразумець, дзе цяпер ідзе беларуская культура, беларускае грамадства. Няма лепшага месца, каб пра гэта дазнацца, але тое, што самае галоўнае на фестывалі – гэта супольная энергія, гэта энергія чалавека да чалавека. Мы можам там на тры дні аб’яднацца і забыцца на ўсе клопаты свету ці свае ўласныя. З фестывалю ідзе аграмадная энергія, і гэтая энергія нам дазваляе ствараць наступны фестываль, бо пры такім напружанні, якую мы маем на арганізацыі, без яе мы б не пацягнулі, безумоўна.
РР: Размова вядзецца пра тры фестывальныя дні, што будзе ў праграме?
Павел Станкевіч: Сёлета мы маем тры паўнавартасныя дні. Тры дні вялікая сцэна, а чацвёрты дзень – гэта першы дзень заезду. Варта прыехаць, каб абраць сабе самае лепшае месца. Падрыхтаваныя два кемпінгі, але вядома, што кожны мае свае патрэбы. Калі вы хочаце разбіцца каля сяброў, то варта прыехаць у чацвер. І ўжо ў чацвер будзем вас вітаць добрым словам, абдымкамі і, можа, зробім супольнае вогнішча.
РР: Якія зоркі пагадзіліся ўжо выступіць на фестывалі?
Павел Станкевіч: «Крамбамбуля», якая вярнулася на сцэну, «Навібэнд», «Дзяцюкі», «Дай дарогу!», «Мандзік», «Архідэлік», «Спевы з‑пад моста» ды іншыя. Ёсць дэбютанты, тыя гурты, пра якіх яшчэ не гучна.
Я перад усім раю паслухаць тое, што прапануе «Архідэлік» ці прапануе «Мандзік». Але, напрыклад, на малой сцэне мы можам паслухаць «Бэрка», хлопца з Бельска, цудоўны малады чалавек, які цяпер паволі становіцца зоркай «Белсата» ў сваёй праграме. Дарэчы, будзе спецвыпуск «Белсата» з іх падляшскай праграмай з фэсту і ўвогуле будзе такая белсатаўская кропка, каб пазнаёміцца з зоркамі «Белсата».
Для нас вельмі важна было стварыць сямейны фестываль, куды прыязджаюць не толькі падлеткі ці моладзь, але каб і бацькі маглі прыехаць з дзецьмі, старэйшыя асобы таксама. І каб кожны знайшоў штосьці для сябе. Таму мы маем розныя актыўнасці, накіраваныя на дзяцей.
