“Твой стыль” цяпер Hrodna.life
Ад 10 кастрычніка 2016 года гродзенскае гарадское выданне “Твой стыль” ператвараецца ў Hrodna.life. Ужо пачаў працу цалкам новы сайт, больш дасканалы тэхнічна, які дазволіць эфектыўна даносіць навіны і аўтарскія тэксты да аўдыторыі. Сайт выдатна выглядае як на дэсктопах, так і на мабільных прыладах.
Hrodna.life — выданне пра жыццё горада і жыццё ў горадзе. Рэдакцыя трымае руку на пульсе Гродна і кожны дзень піша пра важныя гарадскія падзеі.
Пра абнаўленне папулярнага рэсурса распавядае рэдактар Аляксей Шота:
— Гэтыя змены наспелі ўжо даўно. Яшчэ ў 2012 годзе, калі я ўпершыню прыйшоў на пасаду рэдактара, некаторыя нашыя журналісты хацелі змяніць назву. Перадусім, назва «Твой стыль» нічога не кажа пра змест выдання. Іншым яна падавалася надта дзіцячай. І галоўнае — праект запускаўся ў 2007 годзе зусім у іншых умовах і з іншай мэтай — ён быў адукацыйнай пляцоўкай для маладых журналістаў. Ужо доўгі час сайт такой функцыі не выконвае. І мы ўсе проста выраслі з тых «штанішак» і захацелі адсекчы ўсе тыя асацыяцыі, што ішлі за назвай «Твой стыль». Наважыліся на кардынальны рэбрэндынг мы мінулай восенню, хоць гаворка пра гэта ішла і раней, яшчэ ў 2014 годзе. Але быў працяглы час крызісу, калі ні рэдактара сталага, ні журналістаў у нас амаль не было. І як толькі мы гэты крызіс перамаглі — адразу ўзяліся за распрацоўку новага сайта.
— Што змянілася ў сувязі з рэбрэндзінгам?
— Мы змянілі ўсё — CMSку, хостынг, дызайн, назву — усё акрамя складу рэдакцыі. Ужо год таму нашыя людзі ведалі, што мы будзем мяняцца. Проста па розных прычынах не змаглі запусціцца ні вясной, ні летам, як планавалі. Я перакананы, што гэты рэбрэндынг дазволіць нам стаць больш пазнавальнымі і папулярнымі, павялічыць колькасць чытачоў.
— Што новага з’явіцца на сайце?
— Будзем працягваць працу ў духу «Твайго Стылю», толькі як рэдактар я буду старацца адкідаць больш смецця інфармацыйнага, лепш фільтраваць навіны. Але аматарам лёгкага інфармацыйнага фаст-фуду і інфатэймэнту абяцаю, што і далей час ад часу будуць навіны пра “качак, што гуляюць па Савецкай” і “попу Олі Лета”. Яны патрэбныя таксама. Аматараў доўгага ўдумлівага чытання таксама не расчаруем — у нас і надалей будуць выходзіць якасныя прапрацаваныя тэксты, такія, напрыклад, як вельмі добра ўспрыняты тэкст пра сацыяльных нянь у дзіцячым шпіталі, які мы зрабілі ў партнёрстве з сябрамі з часопіса “Имена”. Разабрацца дапаможа зусім новая навігацыя і канструкцыя галоўнай старонкі з блокаў. Раней нам казалі, што цяжка знайсці вялікія тэксты сярод стужкі дробных навін, але гэта зменіцца. Думаю, ажывім Telegram-канал, будзем і надалей карыстацца push-амі, як і на “Стылі”, рабіць розныя мультымедыйныя штукі, якіх у Гродна больш наогул ніхто не робіць. І, вельмі важны пункт, у бліжэйшы год мы будзем займацца ўзмоцнена інфармацыйнай падтрымкай грамадскіх ініцыятыў па ператварэнні Гродна ў лепшае месца для жыцця. Хутка ў нас з’явіцца “гарадскі рэдактар”, які будзе за гэта адказваць. Чытайце Hrodna.life і самі ўсё пабачыце.
Рэдакцыя сайту будзе працягваць пісаць пра дасягненні і праблемы Гродна і гродзенцаў, разважаць, як зрабіць горад лепшым, публікаваць унікальныя гістарычныя матэрыялы.
Па пытаннях супрацоўніцтва, размяшчэння рэкламы ды іншых працоўных справах прадстаўнікі рэдакцыі просяць пісаць на info@hrodna.life