У Бабруйску падчас ператрусу ў офісе грамадскіх актывістаў канфіскавалі «Новы час»
На сустрэчу дэмакратычных сілаў Бабруйску прыйшлі тры міліцыянты.
Пра гэта паведаміла каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ў Магілёўскай вобласці ў Бабруйску Таісія Кабанчук.
«Самым нахабным чынам праводзяць ператрус, лазяць пад сталамі, канапамі, на паліцах. Усё, што ім не падабаецца — буклеты БХД, «Маладых дэмакратаў», газеты «Новы Час» — складваюць асобна. Прывялі панятых. Дакументы і пастановы не прад’яўляюць, кажуць, што маюць на ўсё гэта права. У мяне падпалкоўнік Рудзько з рук вырываў торбу. Нікому нічога не тлумачаць. Мы патэлефанавалі ў 102, а там сказалі, што гэта кіраўніцтва і яно ўсё робіць правільна», — адзначыла яна.
Больш за гадзіну міліцыянты перабаралі паперкі, фатаграфавалі плакаты. У выніку склалі пратакол, забралі буклеты БХД, а таксама 155 асобнікаў газеты «Новы час».
У гэтым нумары за 20 студзеня 2017 года быў надрукаваны арыткул да 100-годдзя беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
«Новы час» — грамадска-палітычны недзяржаўны штотыднёвік, выходзіць на беларускай мове.
Фота Facebook Denis Hudovets
