У Беларусі анулююць дамены «экстрэмісцкіх рэсурсаў»
Даменныя імёны інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, анулююць па загадзе Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце. Дакумент ад 4 красавіка 2024 года апублікаваны на Нацыянальным прававым партале сёння, 9 красавіка.

Фота: pixabay.com
Большая частка палажэнняў уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання загаду, то бок сёння, 9 красавіка 2024 года.
Гэта значыць, што перастануць працаваць усе сайты з ідэнтыфікатарамі, зарэгістраванымі ў нацыянальнай даменнай зоне by.
Ануляваць будуць па рашэнні адміністратара нацыянальнай даменнай зоны пасля ўключэння рэсурсу ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пасля анулявання даменнае імя перастануць адміністраваць.
Рашэнне аб ануляванні накіруюць рэгістратару і ўладальніку дамена, а таксама тэхнічнаму адміністратару нацыянальнай даменнай зоны. Ануляванае даменнае імя экстрэмісцкага рэсурсу ўнясуць у спецыяльны пералік у складзе базы дадзеных даменных імёнаў нацыянальнай зоны.
Пасля гэтага яно стане недаступным для рэгістрацыі на той перыяд, пакуль адпаведная інфармацыйная прадукцыіяў знаходзіцца ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але загад прадугледжвае, што выкарыстанне такіх даменных імёнаў дапускаецца ў «інтарэсах нацыянальнай бяспекі».
У сувязі з публікацыяй загаду пра пераезд на новы дамен ужо паведаміў інфармацыйны партал Reform.bу:
«Пасля анулявання дамена мы ўключым сайт на дамене reform.news. Ён таксама ўжо заблакаваны ў Беларусі, але непадкантрольны ўладам у Мінску. Магчыма, будуць часовыя тэхнічныя праблемы пры пераездзе, але мы абяцаем усё хутка вырашыць», — паведамляе рэдакцыя.
