У Брэсце збіраюцца рыхтаваць прэс-сакратароў і журналістаў
З новага навучальнага года ў Брэсцкім дзяржаўным ўніверсітэце імя А. С. Пушкіна будзе адчынены набор студэнтаў па новай спецыяльнасці — "інфармацыя і камунікацыя".
Спецыяльнасць з’явіцца на філалагічным факультэце універсітэта, а навучацца студэнты будуць на кафедры рускай літаратуры і журналістыкі.
Як распавялі ў БрДУ, праведзены ў рэгіёне маніторынг засведчыў “патрэбнасць у спецыялістах, якія прафесійна валодаюць ведамі і ўменнямі, каб аналізаваць і распаўсюджваць інфармацыю, мець досвед у аптымізацыі інфармацыйных патокаў і выбудоўванні іміджавых стратэгій”.
“Для забеспячэння кадрамі сістэмы інфармацыйнага, інавацыйнага, выдавецкага, рэкламнага, аналітычнага, маркетынгавага, тэлевізійнага і іншых сегментаў эканомікі Брэсцкай вобласці наш універсітэт адкрывае набор на новую спецыяльнасць”, — паведамляе ўніверсітэт.
Для паступлення на спецыяльнасць “інфармацыя і камунікацыя”, абітурыентам трэба будзе здаць цэнтралізаванае тэставанне па беларускай альбо рускай мове, грамадазнаўстве і гісторыі Беларусі.
Як адзначаецца, са студэнтамі будуць займацца выкладчыкі ўніверсітэта, а таксама запрошаныя спецыялісты-практыкі.
У навучальнай установе упэўненыя, што пасля гэтага маладыя людзі змогуць працаваць спецыялістамі па сувязях з грамадскасцю і па рэкламнай камунікацыі, прэс-сакратарамі, рэферэнтамі, журналістамі, рэдактарамі інтэрнет-рэсурсаў.