У Брэсце журналістаў не пусцілі ў залу суда, дзе быў абвешчаны прысуд па рэзананснай “справе карагодаў”
Суд Ленінскага раёна Брэста 15 сакавіка абвесціў чарговы прысуд па так званай “карагоднай справе”. Незалежных журналістаў на публічнае агалошваннне прысуду не пусцілі.
Рэзанансная крымінальная справа тычыцца падзей 13 верасня 2020 года, калі на скрыжаванні ў цэнтры Брэста людзі на нейкі час перакрылі рух транспарту — спявалі песні і вадзілі жартаўлівы карагод. У той дзень упершыню ў Брэсце міліцыя ўжыла вадамёт, каб разагнаць пратэстоўцаў.
Усяго колькасць абвінавачаных па “карагоднай справе” дасягае паўсотні чалавек: гэта адзін з самых масавых “палітычных” працэсаў у сучаснай Беларусі. Абвінавачаных судзяць групамі: прысуд для другой такой групы з васьмі чалавек быў абвешчаны 15 сакавіка.
Паколькі справа мае гучны розгалас у грамадстве, яна прыцягвае ўвагу журналістаў, аднак ніхто з іх сёння на працэс не змог патрапіць. Каля судовай залы знаходзіўся міліцэйскі канвой, прадстаўнікі якога асабіста вырашалі, каго прапусціць у памяшканне.
Як паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” незалежны журналіст Алесь Ляўчук, у выніку ён і трое яго калег не змаглі прысутнічаць у залу пасяджэнняў на публічнае абвяшчэнне прысуду.
“Такое ў судах Брэста зараз здараецца кожны раз, як толькі каля судовай залы працуе канвой: журналістам у гэтым выпадку трапіць на працэс амаль немагчыма. Тлумачаць гэта і эпідэміялагічнай бяспекай, і тым, што ў памяшканні мала месцаў”, — кажа Алесь Ляўчук.