У Брэсце судзяць журналістку Алену Цімашчук: за дыскрэдытацыю, распальванне варожасці і па «экстрэмісцкім» артыкуле
У раскладзе Брэсцкага абласнога суда на 31 траўня быў пазначаны судовы працэс над Аленай Цімашчук. Яе абвінавачваюць поводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 369–1 КК), распальванні варожасці ці варажнечы (частка 3 артыкула 130 КК) і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (частка 3 артыкула 361–1 КК).

Журналістка Алена Цімашчук. Фота: з асабістай старонкі ў Facebook
Імя, прозвішча і імя па бацьку абвінавачанай цалкам супадаюць з мясцовай журналісткай, якая працавала ў дзяржаўнай газеце «Брестский вестник» (заснавальнікам з’яўляецца гарвыканкам) і тэлерадыёкампаніі «Брэст».
Таксама раней Алена Цімашчук як фрылансер супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», інтэрнэт-выданнем «Виртуальный Брест», а таксама «Брестским зелёным порталом».
Як адзначаюць мясцовыя журналісты, Алена Цімашчук падчас супрацы з незалежнымі выданнямі не рыхтавала публікацый на палітычныя тэмы. Часам яна рабіла рэкламныя артыкулы і пісала на тэмы псіхалогіі, бо мае вышэйшую адукацыю па гэтай спецыяльнасці.
Што стала прычынай для крымінальнага пераследу журналісткі — пакуль дакладна невядома.
Весці працэс даручылі суддзі Дзмітрыю Карасінскаму. Да прызначэння ў лістападзе 2023 года ў Брэсцкі абласны суд Карасінскі ўзначальваў суд Столінскага раёна.
